Мінск 03:06

Урад увёў пошліны на экспарт лесаматэрыялаў, каб не дапусціць дэфіцыту драўніны

Ілюстрацыйнае фота: Pawel Czerwinski / unsplash.com

27 снежня, Позірк. На шэраг лесаматэрыялаў і прадукцыі дрэваапрацоўкі ўведзеныя пошліны на вываз з Беларусі за межы тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза, вынікае з пастановы Савета міністраў № 1009 ад 24 снежня.

У дакуменце, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 27 снежня, адзначана, што рашэнне прынятае сярод іншага для “прадухілення дэфіцыту лесаматэрыялаў і прадукцыі дрэваапрацоўкі”.

Стаўка пошліны — 100 еўра за 1 кубаметр — будзе дзейнічаць да канца 2025 года.

У пастанове пералічана амаль 100 кодаў таварнай наменклатуры знешнеэканамічнай дзейнасці ЕАЭС, якая адпавядае шырокаму спектру лесаматэрыялаў — ад іншай хваёвай і лісцевай паліўнай драўніны да апрацаваных дубовых паркетных брускоў.

Да пачатку другой дэкады студзеня 2025 года ў Беларусі дзейнічае ліцэнзаванне імпарту пліт — драўнянастружкавых (ДСП), драўнянавалакністых (ДВП), з арыентаванай стружкай (OSB), а таксама драўлянай мэблі для сталовых і жылых пакояў; вокнаў, дзвярэй і іх рам; кардонак, скрынь і скрыначак з гафраванай паперы або такога ж кардону, папяровых мяхоў і пакункаў.

Ліцэнзаванне асобных відаў тавараў з драўніны было ўведзенае 9 верасня 2022 года, з таго часу неаднаразова падаўжалася.

8 сакавіка 2022 года Міжнародная рада дырэктараў FSC (Лясная апякунская рада — міжнародная арганізацыя, якая адказвае за выкананне стандартаў у кіраванні лясамі і лесапрадукцыяй) вырашыла прыпыніць сертыфікацыю экспарту прадукцыі дрэваапрацоўкі і лясной гаспадаркі Беларусі. За тыдзень да гэтага ЕС увёў забарону на пастаўкі беларускай прадукцыі дрэваапрацоўкі.

Падзяліцца: