Мінск 23:27

Памежная служба Украіны не фіксуе пагроз на фоне збораў тэрытарыяльных войскаў у Гомельскім раёне

Спікер ДПСУ Андрэй Дземчанка
Скрыншот: архіўны відэазапіс медыяцэнтра "Украіна"

9 студзеня, Позірк. Побач з украінскай мяжой не фіксуецца перамяшчэнне тэхнікі і асабовага складу, заявіў у эфіры тэлемарафона спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны (ДПСУ) Андрэй Дземчанка, каментуючы 9 студзеня зборы з ваеннаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў, якія пачаліся напярэдадні ў Гомельскім раёне.

“Напэўна, не варта звяртаць увагу на такія вучэнні, якія праводзяцца на тэрыторыі Беларусі, бо фактычна яны не спыняюцца, — сказаў ён. — Падобныя вучэнні з рознымі кампанентамі Узброеных сіл Беларусі ці іншымі складнікамі сіл бяспекі анансуюцца і праводзяцца ўвесь час. Так было ў 2022 годзе, 2023-м, гэты год таксама не робіцца выключэннем”.

Разам з тым, паводле слоў Дземчанкі, “падобнымі заявамі і вучэннямі Беларусь працягвае нагнятаць сітуацыю”, сцвярджаючы, што “ў тым ліку Украіна ўяўляе для яе пагрозу, таму яны вымушаныя ўзмацняць сваю бяспеку”.

“Нагадаю, што з 2022 года Беларусь з такой жа рыторыкай трымае пэўную колькасць падраздзяленняў у накірунку мяжы з Украінай, яны знаходзяцца на пэўнай адлегласці ад мяжы, — заявіў прадстаўнік ДПСУ. — Часта адбываецца іх ратацыя, праз што могуць нават быць укіды пра тое, што Беларусь працягвае ўзмацняць свае падраздзяленні або павялічваць колькасць сваіх падраздзяленняў у накірунку мяжы з Украінай, але фактычна гэта не так. Якой-небудзь ударнай групоўкі, якая знаходзілася б у кірунку нашай мяжы па той бок, мы не фіксуем”.

Дземчанка дадаў, што раней з тэрыторыі Беларусі ў парадку ратацыі вывелі расійскія войскі, але новыя падраздзяленні ў краіну не прыбылі.

“Вядома, у цэлым мяжа з Беларуссю для нас прыярытэтная, бо Беларусь працягвае знаходзіцца пад уплывам Расіі, — канстатаваў ён. — Мы памятаем, як Беларусь адкрыла сваю мяжу для расійскіх войскаў, якія ўварваліся ва Украіну. Таму мы павінны ўзмацняць нашыя абаронныя магчымасці — і непасрэдна па лініі мяжы, і ў прыграніччы, што, уласна, і робіцца”.

Украіна, паводле яго слоў, умацоўвае лінію мяжы з Беларуссю ў інжынерным плане: “Гэта і супрацьтранспартныя равы, розныя загароды, <…> акопная лінія, траншэі, перакрыцці, шчыліны, агнявыя пазіцыі, наглядальныя пасты, <…> мінаванне найбольш небяспечных кірункаў, іншыя сродкі, якія робяцца, каб прадухіліць рух тэхнікі; актыўна насычаем гэты ўчастак сістэмамі відэаназірання”.

За патэнцыйнай зменай сітуацыі ў Беларусі, падкрэсліў ён, пільнуе выведка.

Кажучы пра сутнасць цяперашніх збораў беларускіх ваеннаабавязаных, Дземчанка адзначыў, што “гэта проста праверка людзей, якіх Беларусь можа ў далейшым прыцягваць да тэрытарыяльнай абароны, у тым ліку ў накірунку мяжы з Украінай”.

8 студзеня Міністэрства абароны Беларусі абвясціла, што да канца месяца ў Гомельскім раёне будуць праводзіцца навучальныя зборы з ваеннаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў. Адзначалася, што ваеннаабавязаныя сярод іншага пройдуць падрыхтоўку да “выканання задач, у тым ліку сумесна з інжынернымі падраздзяленнямі Узброеных сіл”.

Гомельскі раён мяжуе з Чарнігаўскай вобласцю Украіны.

Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаецца ў перыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асоб, якія прайшлі службу і знаходзяцца ў запасе.

Разам з тым міністр абароны Віктар Хрэнін на сустрэчы з кіраўніцтвам выканкамаў — Мінскага гарадскога і абласных, а таксама вайсковымі камісарамі са сталіцы і рэгіёнаў 26 траўня 2023 года ў Гомелі заявіў, што тэрытарыяльная абарона “з сістэмы, якая забяспечвае, трансфармуецца ў паўнавартасную баявую”.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння стасункаў з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Зараз пагрозы ўварвання войскаў Беларусі няма, заяўляе кіраўнік цэнтра пры РНБА Украіны Каваленка

8 студзеня, Позірк. На гэты момант пагрозы ўварвання рэгулярных войскаў Беларусі ва Украіну няма, заявіў кіраўнік Цэнтра па супрацьдзеянні дэзінфармацыі пры Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Каваленка. Прадстаўнік ведамства адзначыў у сваім тэлеграм-канале, што інфармацыя з "асобных крыніц" пра нарошчванне …
Падзяліцца: