Мінск 03:26

У спіс забароненай у Беларусі літаратуры ўключаная кніга “ГУЛАГ” жонкі кіраўніка МЗС Польшчы

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com

24 студзеня, Позірк. Міністэрства інфармацыі 24 студзеня дадало 30 пазіцый у “спіс друкаваных выданняў, якія змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (альбо) матэрыялы, распаўсюджванне якіх можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”, вынікае з паведамлення прэс-службы ведамства.

Гэта першае папаўненне спісу, які на момант свайго стварэння ў лістападзе 2024 года налічваў (https://pozirk.online/be/news/115042/) 35 пазіцый. Такім чынам, іх агульная колькасць дасягнула 65. Пры гэтым са спісу прыбраная інфармацыя пра выдавецтвы і гады выдання забароненай літаратуры.

Да “шкодных” Міністэрства інфармацыі адносіць “друкаваныя выданні, якія скажаюць гістарычную праўду і справядлівасць, прапагандуюць нетрадыцыйныя сексуальныя адносіны, рэлігійную нецярпімасць, гвалт, жорсткасць і парнаграфію, распальваюць варожасць і нянавісць, папулярызуюць нетрадыцыйныя для беларускага грамадства субкультуры, а таксама выданні пра палавое выхаванне дзяцей, якія могуць негатыўна ўплываць на іх фізічнае і псіхічнае развіццё, сказіць уяўленні пра сапраўдныя сямейныя каштоўнасці”.

Акрамя парнаграфічных, мяркуючы па назвах, выданняў (напрыклад, ” Факт. Как я училась полиамории, снималась в порно и завела раба” Міланы Лагуновай), Міністэрства інфармацыі забараніла распаўсюд кнігі “ГУЛАГ”. Яе аўтар — амерыканская пісьменніца Эн Эплбаум, жонка міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага, бацькі якой паходзяць з Беларусі. Верагодна, у Рэспубліканскай камісіі па правядзенні ацэнцы сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі прыйшлі да высновы, што ў кнізе пра сталінскія лагеры, упершыню выдадзенай у 2003 годзе і ўзнагароджанай Пулітцэраўскай прэміяй у 2004-м, “скажаецца гістарычная праўда”.

Забароненыя таксама прызнаныя бестселерамі кнігі “Да самага раю” і “Маленькае жыццё” Ханьі Янагіхары (ЗША) і іншыя.

Першыя тры пазіцыі ў спісе, як раней паведамляў “Позірк”, займаюць кнігі “Нарысы гісторыі Беларусі” Захара Шыбекі, “Тайны беларускай гісторыі” Вадзіма Дзеружынскага і “На скрыжалях вякоў: гістарычныя творы” Кастуся Цвіркі.

Ведамства папярэджвае, што “ў выпадку выяўлення фактаў распаўсюджвання друкаваных выданняў, уключаных у вышэйзгаданы спіс, Міністэрства інфармацыі ў адпаведнасці з абзацам трынаццатым пункта 2 артыкула 33 закона Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2012 года № 8-З “Аб выдавецкай справе” будзе спыняць дзеянне пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці распаўсюдніка друкаваных выданняў”.

Мастацкая і гістарычная літаратура рэгулярна папаўняе “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”, які таксама вядзе Міністэрства інфармацыі.

Падзяліцца: