У 2025 годзе сітуацыя для беларускай эканомікі “будзе няпростая” — Лукашенко
26 студзеня, Позірк. Вайна і звязаныя з гэтым эканамічныя праблемы ў 2025 годзе не знікнуць, “нават калі будуць нармальныя зрухі на фронце”, таму сітуацыя для беларускай эканомікі “будзе няпростая”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 студзеня на прэс-канферэнцыі ў БДУФК пасля галасавання на мерапрыемстве, якое ўлады называюць “прэзідэнцкімі выбарамі”.
“Вайна вельмі сур’ёзна адбіваецца на рэгіёне, я ўжо не кажу пра Расію, якая марнуе прыстойныя грошы, — адзначыў спікер (на падставе жывой трансляцыі на тэлеканале “Першы інфармацыйны”). — Расія — наш саюзнік, наш асноўны рынак, куды мы пастаўляем прадукцыю. І наш асноўны імпарцёр”.
Паводле яго слоў, Беларусь і РФ — “адзіныя дзве рэспублікі”, якія пасля распаду СССР “не разарвалі свае стасункі, а наадварот прымножылі”.
“Натуральна, мы залежныя адзін ад аднаго, асабліва мы ад Расіі, — прызнаў Лукашэнка. — Расія гатовая набыць у нас усё — ад сельгастэхнікі да мікрасхем. Але мы бачым, што зараз адбываецца ў Расіі, а таму нам будзе нялёгка”.
Адбываецца ціск і на іншага стратэгічнага партнёра Беларусі, сцвярджае ён. “Пачынаюць душыць Кітай — гэта другі наш гандлёва-эканамічны партнёр. [Захад] кажа, вось калі вы будзеце супрацоўнічаць з расіянамі ці беларусамі, будзе зусім дрэнна. Супрацоўнічаем мы з Кітаем? Супрацоўнічаем. Але Кітай вымушаны з гэтым лічыцца”, — заявіў спікер.
Паводле слоў Лукашэнкі, мінулы год быў прысвечаны “паездкам практычна па ўсім свеце”. “У найбліжэйшы час мы плануем візіты і ў Кітай, і ў КНДР, і многія іншыя каб падстрахавацца і дыверсіфікавацца яшчэ раз, — паведаміў ён. — Знешнегандлёвы абарот каласальны, гэта мільярды долараў. Прадпрыемствы раскруцілі, вырабляюць усё і нядрэнны кошт — палову трэба прадаваць”.
Негатыўныя рызыкі для беларускай эканомікі ствараюць яе разбалансаванасць, перагрэў і планы ўладаў “не пастрожваць, а захоўваць у цэлым мяккую эканамічную палітыку”, заявіў на брыфінгу 21 студзеня старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Анатоль Харытончык.
Гэтыя рызыкі, удакладніў эксперт, “не ляжаць у расійскай плашчыні”.
“[Мяккая палітыка] можа правакаваць або захаванне значнага перагрэву, або, як бачыцца ў базавым сцэнарыі, яго невялікага пашырэння ў 2025 годзе, — адзначыў Харытончык. — Адпаведна гэта можа прывесці да павелічэння дэфіцыту знешняга гандлю. А таксама нясе інфляцыйныя пагрозы, якія, калі рэалізуюцца, могуць “з’есці” ўсе дасягненні і прывесці да неспрыяльных наступстваў для выпуску і дабрабыту грамадзян ужо ў сярэднетэрміновым перыядзе”.
Яшчэ адной рызыкай прадстаўнік BEROC назваў “моцнае разыходжанне і рассінхранізацыю” беларускай манетарнай палітыкі з расійскай. У прыватнасці, гаворка ідзе пра значную розніцу ў стаўках на крэдыты.
Пакуль, адзначыў Харытончык, складана пацвердзіць макраэканамічнымі данымі інфармацыю СМІ, што нерэзідэнты актыўна атрымліваюць крэдыты ў Беларусі. Аднак, дадаў ён, такія аперацыі ствараюць пагрозы для валютнага рынку праз падвышаны попыт на валюту, а адпаведна “гэта рызыка і для курсу беларускага рубля, для інфляцыі”.
Захаванне цвёрдага цэнавага кантролю, паводле меркавання эксперта, таксама можа несці рызыкі эканоміцы, бо інфляцыйны навес будзе назапашвацца.
Згодна з зацверджанымі Лукашэнкам найважнейшымі эканамічнымі прагнознымі (дэ-факта — планавымі) параметрамі на 2025 год, рост ВУП павінен скласці 4,1%, экспарту тавараў і паслуг — 5,4%, інвестыцыі — 7,8%, рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва — 4%, інфляцыя не павінна перавысіць 5%.
5 снежня 2024 года ў сваім макраэканамічным прагнозе спецыялісты Еўразійскага банка развіцця выказалі здагадку, што ў 2025 годзе рост беларускай эканомікі запаволіцца да 2,6%.
Міжнародны валютны фонд у леташнім восеньскім аглядзе прагназаваў, што ВУП Беларусі павялічыцца ў 2025-м на 2,3%.
Летась у сярэдзіне кастрычніка Сусветны банк выдаў прагноз, паводле якога беларуская эканоміка ў 2025 годзе вырасце на 1,2%.
- Грамадства
- Выбары
- Выбары, Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаУдзельная вага продажаў тавараў айчыннай вытворчасці ў 2024 годзе знізілася да 56,4%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Выбары, Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Выбары, ПалітыкаЗа фатаграфаванне бюлетэня ў Мінску заведзена 10 адміністрацыйных спраўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Выбары, Палітыка
- Выбары, Палітыка