Мінск 14:57

Чарговага п’янага бяспраўніка ДАІ затрымала са стральбой

Відэа: МУС / стоп-кадр: "Позірк"

1 лістапада, Позірк. Пра затрыманне ў Пухавіцкім раёне (Мінская вобласць) нецвярозага кіроўцы паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.

Як адзначаецца, у міліцыю паступіла паведамленне, што ў вёсцы Суцін “перасоўваецца [аўтамабіль] “Форд” без рэгістрацыйных знакаў”. “Кіроўца, як мяркуецца, знаходзіцца ў нецвярозым стане. На месца неадкладна выбыў найбліжэйшы нарад ДАІ”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Выявіўшы ўказанае аўто ў руху, супрацоўнікі падалі сігнал аб спыненні, які парушальнік праігнараваў. Пачаўся пераслед. На неаднаразовыя законныя патрабаванні міліцыянераў ён не рэагаваў і спрабаваў уцячы. Пасля папярэджанняў аб выкарыстанні зброі інспектар зрабіў прыцэльныя стрэлы па колах”, — паведамляе МУС.

За стырном аўтамабіля знаходзіўся 32-гадовы мясцовы жыхар “з відавочнымі прыкметамі алкагольнага ап’янення, раней пазбаўлены права кіравання за аналагічнае правапарушэнне”. Ад праходжання агляду, паводле звестак МУС, ён адмовіўся.

На парушальніка складзена 10 адміністрацыйных пратаколаў.

“Мужчына змешчаны ў ІЧУ, яго чакае крымінальная адказнасць за паўторнае на працягу года нецвярозае кіраванне. “Форд” змешчаны на ахоўную стаянку і падлягае канфіскацыі”, — адзначае ведамства.

МУС рэгулярна публікуе рэлізы аб прымяненні табельнай зброі пры затрыманні кіроўцаў, якія парушаюць правілы дарожнага руху.

27 кастрычніка ў Горках (Магілёўская вобласць) супрацоўнікі ДАІ ўжылі зброю для спынення аўтамабіля Citroen. Кіроўца праігнараваў патрабаванне спыніцца і спрабаваў уцячы ад міліцыі.

Паводле сцвярджэння ведамства, падчас пераследу ён ствараў пагрозу іншым удзельнікам дарожнага руху: “Пасля неаднаразовых папярэджанняў інспектар зрабіў прыцэльныя стрэлы па колах <…>, пасля чаго той спыніўся”.

За рулём, як высветлілася, знаходзіўся 36-гадовы жыхар вёскі Сялец Горацкага раёна з прыкметамі алкагольнага ап’янення. Медыцынскі агляд паказаў 1,57 праміле алкаголю ў крыві. Раней мужчына быў пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі таксама за п’янае кіраванне.

24 кастрычніка ў Гродзенскай вобласці супрацоўнікі ДАІ ўжылі зброю для спынення аўто, за рулём якога знаходзіўся таксама пазбаўлены вадзіцельскіх правоў мужчына з прыкметамі алкагольнага ап’янення.

7 верасня падобны выпадак адбыўся ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці.

Падзяліцца: