Мінск 13:08

У Гомель прыбываюць транспартныя самалёты з жыхарамі акупаваных РФ украінскіх Алешак

Ілюстрацыйнае фота: mipl.org.ua

31 кастрычніка, Позірк. З Анапы (Краснадарскі край Расіі) у Гомель 31 кастрычніка прыбываюць транспартныя самалёты з жыхарамі акупаванага РФ украінскага горада Алешкі (Херсонская вобласць), паведамляе тэлеграм-канал “Оперативний ЗСУ”, які спецыялізуецца на ваеннай інфармацыі.

Адзначаецца, што іх суправаджае ўпаўнаважаны Вярхоўнай рады Украіны па правах чалавека Дзмітрый Лубінец. Жыхароў Алешак сёння ж “маюць пасадзіць у аўтобусы і даставіць ва Украіну”.

Да 10:30, паводле паведамленняў беларускіх дзяржаўных СМІ, у аэрапорт Гомеля прыбыла тры самалёты з жыхарамі Алешак. У абласным цэнтры людзей сустрэлі супрацоўнікі МНС, медыкі і валанцёры “Чырвонага крыжа”.

Заяўлена, што ў аэрапорце разгорнуты намётавы гарадок, у якім прыбылыя будуць чакаць выезду ва Украіну праз пункт пропуску Новая Гута.

29 кастрычніка з Гомеля ў Анапу адным самалётам вылецелі ўкраінская і расійская дэлегацыі, якія ўдзельнічаюць у гуманітарнай місіі ў акупаваных Алешках. На чале ўкраінскай дэлегацыі — Лубінец, расійскай — упаўнаважаная па правах чалавека РФ Яна Лантратава.

Агенцтва РБК-Украіна адзначыла, што Беларусь стала “прамежкавым пунктам” аперацыі, якая прадугледжвае дастаўку дапамогі жыхарам горада і эвакуацыю ахвочых.

Дамоўленасць пра гуманітарную місію была дасягнутая пры пасярэдніцтве першай лэдзі ЗША Меланіі Трамп. Як паведамляла 23 кастрычніка прэс-служба Белага дома, яна ініцыявала перагаворы з расійскім і ўкраінскім бакамі пасля таго, як даведалася пра крытычную сітуацыю ў Алешках падчас мерапрыемства ў Нью-Ёрку на палях Генеральнай асамблеі ААН у верасні. Меланія Трамп і яе прадстаўнік удзельнічалі ва ўзгадненні ўмоў часовага спынення агню, дастаўкі дапамогі і эвакуацыі грамадзянскіх асоб.

Паводле слоў першай лэдзі ЗША, жыхары, якія засталіся ў горадзе, пераважна людзі сталага веку, востра маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе, леках, прадуктах і чыстай вадзе.

Алешкі знаходзяцца на левым беразе Дняпра, насупраць Херсона. Расійскія войскі акупавалі горад у лютым 2022 года. У чэрвені 2023-га ён пацярпеў ад маштабнай паводкі пасля разбурэння Кахоўскай ГЭС. Блізкасць лініі фронту, замінаваныя дарогі і абмежаванні на перамяшчэнне істотна ўскладнілі выезд жыхароў і дастаўку дапамогі.

Паводле даных РБК-Украіна, да восені 2026 года гуманітарная сітуацыя ў горадзе стала крытычнай: рэгулярныя пастаўкі прадуктаў і лекаў спыніліся ў траўні, адсутнічаюць электра-, вода- і цеплазабеспячэнне. Паводле ацэнак украінскага боку, у Алешках на той момант заставалася ад 2 тыс. да 6 тыс. мірных жыхароў.

Для правядзення аперацыі 27 кастрычніка ў раёне горада ўвялі рэжым спынення агню да 22:59 1 лістапада. Паводле слоў Лубінца, на момант яго заявы 29 кастрычніка ён дзейнічаў 54 гадзіны без зафіксаваных парушэнняў. Для гуманітарнай місіі працягвалася размінаванне маршрутаў, дастаўка грузу была намечаная на 30 кастрычніка.

Дамоўленасць таксама прадугледжвае магчымасць рэгулярнай дастаўкі ў населеныя пункты Херсонскай вобласці прадуктаў, медыкаментаў ды паліва, а пры неабходнасці — правядзення рэпатрыяцыйных мерапрыемстваў не радзей за адзін раз на месяц.

Падзяліцца: