Мінск 16:12

Міхееў: “Ноч расстраляных паэтаў” у Ерэване была адзінай акцыяй на Каўказе

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 30 кастрычніка 2026 года ў 21:54

Фота: Звяз беларусаў Арменіі "Беларусы АМ"

30 кастрычніка, Позірк. Акцыя “Ноч расстраляных паэтаў”, якую зладзілі 29 кастрычніка беларускія актывісты ў Ерэване, была адзінай на Каўказе, паведаміў “Позірку” прадстаўнік дыяспары Леў Міхееў.

“Спачатку нас было толькі трое, а потым падцягнуліся яшчэ іранскія актывісты. Тут ёсць дыяспара, якая, аказваецца, таксама салідарная з Беларуссю”, — адзначыў суразмоўца.

Паводле яго слоў, акцыя адбывалася пад дажджом. “Але даволі дружна ўсё зрабілі. Пачыталі вершы. Я чытаў Валерыя Маракова. Гэта быў вельмі добры паэт. У яго трагічны лёс таксама, як і ва ўсіх 22 беларускіх літаратараў, якія загінулі ў засценках гэтага савецкага гестапа”, — сказаў Міхееў.

Мерапраемства, адзначыў ён, прайшло каля помніка армянскаму паэту Егішэ Чарэнцу (Сагаманяну), які таксама загінуў у турме у 1937 годзе.

“Забівалі ж тады паўсюль. Чалавек забіты за тое, што ён пісаў, за тое, што ён думаў. У Арменіі гэта, Беларусі, яшчэ дзесьці. Таму мы праявілі салідарнасць. Машыны праязджалі, нам рукамі махалі з праезнай часткі. Хаця, здавалася б, і людзей асабліва не было, усё роўна знайшліся тыя, хто рэагаваў станоўча”, — паведаміў актывіст.

Міхееў канстатаваў нешматлікасць акцыі: “Гэта не Беласток, не Вільнюс. Ну што зробіш. Далей будзем неяк пашыраць рух, каб, можа, яшчэ далучыліся беларусы ў Арменіі”.

“Гэта важна, таму што тое, што цяпер у Беларусі адбываецца, — гэта савецкая спадчына. Пераследуецца і беларуская мова, і традыцыя, і культура, і нацыянальная ідэнтычнасць. Толькі што не расстрэльваюць за гэта, калі так груба казаць. Але людзі гінуць жа ў турме. Алесь Пушкін загінуў. Гэта на сумленні рэжыму”, — заявіў Міхееў.

На яго перакананне, сам факт таго, што паэт гіне за сваю творчасць, за свае думкі, “недапушчальна ні ў які час”, “гэта злачынства без тэрміну даўнасці”.

“Пра гэта трэба гаварыць, таму што, калі забываць гісторыю, яна паўтараецца. Я таксама літаратар, пішу вершы і разумею, што гэта такое, знутры. Я, вядома, неабыякавы да такіх гістарычных трагедый. Пра гэта трэба памятаць, гэтак жа, як трэба памятаць пра ахвяры Халакосту і любога таталітарызму”, — падкрэсліў суразмоўца.

Акцыю памяці “Ноч расстраляных паэтаў” у Ерэване арганізаваў Звяз беларусаў Арменіі “Беларусы АМ”. Удзельнікі акцыі, сярод якіх быў высланы з Грузіі Міхееў, чыталі вершы расстраляных беларускіх паэтаў Валерыя Маракова, Юркі Лявоннага, Алеся Дудара, усклалі кветкі да помніка Чаранцу.

Да ўдзельнікаў далучыліся іранцы, якія выступаюць супраць рэжыму аятол у сваёй краіне. Яны прынеслі плакат салідарнасці з беларускім народам і таксама ўсклалі кветкі да помніка.

Мерапрыемствы пад агульнай назвай “Ноч расстраляных паэтаў” або “Ноч (не)расстраляных паэтаў“ беларуская дыяспара праводзіць з 23 па 30 кастрычніка ў розных гарадах свету. Яны прысвечаныя гадавіне масавага расстрэлу ў Мінску ў ноч на 30 кастрычніка 1937 года прадстаўнікоў інтэлігенцыі. У Беларусі такія мерапрыемствы пагражаюць пераследам паводле палітычных матываў.

Гл. таксама па тэме:

Чорная ноч беларускай літаратуры. Як захавалася памяць аб расстраляных паэтах

Прадстаўнікі дыпкорпуса ЕС і Вялікабрытаніі наведалі Курапаты ў гадавіну расстрэлу дзеячаў беларускай інтэлігенцыі

Падзяліцца: