Мінск 17:43

Эвакуяваныя праз Беларусь жыхары акупаваных Алешак перасеклі мяжу Украіны

Відэа ў тэлеграм-канале Уладзіміра Зяленскага / стоп-кадр: "Позірк"

31 кастрычніка, Позірк. Аперацыя па выратаванні людзей у Алешках (горад у акупаванай Расіяй частцы Херсонскай вобласці Украіны) адбылася, паведаміў у сваім тэлеграм-канале ўдзень 31 кастрычніка ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

“На Херсонскім кірунку быў усталяваны рэжым цішыні, і ў гэты час былі размінаваныя дарогі ў Алешкі, дастаўленыя гуманітарныя грузы, — напісаў ён. — Разлічваем, што гуманітарны доступ да Алешак захаваецца. Людзі, якія мелі патрэбу ў эвакуацыі, былі вывезеныя з горада і прылеглай грамады”.

“На гэты момант украінскія грамадзяне з Алешак перасеклі мяжу Украіны ў Чарнігаўскай вобласці (мяжуе з Гомельскай вобласцю Беларусі. — “Позірк”.). Усім ім будзе аказаная неабходная дапамога. Важна, каб урадавыя структуры, а таксама ўсе задзейнічаныя абласныя і мясцовыя ўлады спрацавалі эфектыўна і дапамаглі нашым людзям адаптавацца”, — дадаў ён.

Зяленскі падзякаваў першай лэдзі ЗША Меланіі Трамп за пасярэдніцтва, украінскім вайскоўцам — за стварэнне бяспечных умоў для правядзення гуманітарнай аперацыі, упаўнаважанаму Вярхоўнай рады Украіны па правах чалавека Дзмітрыю Лубінцу і яго камандзе — за ажыццяўленне місіі.

“І дзякую кожнаму і кожнай у свеце — усім журналістам, усім палітычным і грамадскім лідарам, усім неабыякавым людзям, якія прыцягвалі ўвагу сусветнай супольнасці да сітуацыі ў Алешках і сапраўднай гуманітарнай катастрофы на часова акупаванай Расіяй тэрыторыі Украіны. Калі ёсць увага свету, ёсць і выратаванне людзей. Неабходныя далейшыя крокі па дээскалацыі і рэальнае набліжэнне міру”, — падкрэсліў Зяленскі.

Раней старшыня парламенцкай фракцыі “Слуга народа” Давід Арахамія паведаміў, што ў Гомель з Анапы (Краснадарскі край РФ) прыбылі чатыры транспартныя самалёты з эвакуяванымі жыхарамі Алешак.

Колькі менавіта людзей прыбыло ў Гомель, каб вярнуцца ва Украіну, не ўдакладняецца. Раней паведамлялася, што агулам з Алешак пажадала эвакуявацца каля 750 чалавек, аднак частка з іх, мяркуючы з паведамленняў СМІ, мела намер накіравацца ў РФ.

Дамоўленасць пра гуманітарную місію была дасягнутая пры пасярэдніцтве Меланіі Трамп. Як паведамляла 23 кастрычніка прэс-служба Белага дома, яна ініцыявала перагаворы з расійскім і ўкраінскім бакамі пасля таго, як даведалася пра крытычную сітуацыю ў Алешках падчас мерапрыемства ў Нью-Ёрку на палях Генеральнай асамблеі ААН у верасні. Меланія Трамп і яе прадстаўнік удзельнічалі ва ўзгадненні ўмоў часовага спынення агню, дастаўкі дапамогі і эвакуацыі грамадзянскіх асоб.

Паводле слоў першай лэдзі ЗША, жыхары, якія засталіся ў горадзе, пераважна людзі сталага веку, востра маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе, леках, прадуктах ды чыстай вадзе.

Алешкі знаходзяцца на левым беразе Дняпра, насупраць Херсона. Расійскія войскі акупавалі горад у лютым 2022 года. У чэрвені 2023-га ён пацярпеў ад маштабнай паводкі пасля разбурэння Кахоўскай ГЭС. Блізкасць лініі фронту, замінаваныя дарогі і абмежаванні на перамяшчэнне істотна ўскладнілі выезд жыхароў і дастаўку дапамогі.

Паводле даных РБК-Украіна, да восені 2026 года гуманітарная сітуацыя ў горадзе стала крытычнай: рэгулярныя пастаўкі прадуктаў і лекаў спыніліся ў траўні, адсутнічаюць электра-, вода- і цеплазабеспячэнне. Паводле ацэнак украінскага боку, у Алешках на той момант заставалася ад 2 тыс. да 6 тыс. мірных жыхароў.

Для правядзення аперацыі 27 кастрычніка ў раёне горада ўвялі рэжым спынення агню да 22:59 1 лістапада. Паводле слоў Лубінца, на момант яго заявы 29 кастрычніка ён дзейнічаў 54 гадзіны без зафіксаваных парушэнняў. Для гуманітарнай місіі працягвалася размінаванне маршрутаў, дастаўка грузу была запланаваная на 30 кастрычніка.

Дамоўленасць таксама прадугледжвае магчымасць рэгулярнай дастаўкі ў населеныя пункты Херсонскай вобласці прадуктаў, медыкаментаў і паліва, а пры неабходнасці — правядзення рэпатрыяцыйных мерапрыемстваў не радзей за адзін раз на месяц.

Падзяліцца: