Мінск 14:28

ЕС улічыць інфармацыю пра датычнасць “Беларуськалія” да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей — АПК

Ілюстрацыйнае фота: Mali Desha / unsplash.com

31 кастрычніка, Позірк. Еўрапейскі саюз улічыць інфармацыю пра датычнасць прадпрыемства “Беларуськалій” да незаконных дзеянняў у кантэксце вайны Расіі супраць Украіны, паведамляе прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) са спасылкай на адказы Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў і шэрагу краін ЕС.

Адзначаецца, што пра гэта ідзе гаворка ў адказах на звароты, накіраваныя 14 кастрычніка намеснікам кіраўніка АПК, кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Паўлам Латушкам, пра “ролю ААТ “Беларуськалій” і яго кіраўніцтва ў фінансаванні і арганізацыі незаконнага перамяшчэння дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь, а таксама іх наступнай індактрынацыі”.

“У прыватнасці, у Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў заявілі, што цалкам падзяляюць занепакоенасць лёсам гвалтоўна дэпартаваных украінскіх дзяцей, катэгарычна выступаюць супраць практыкі сцірання іх нацыянальнай ідэнтычнасці і навязвання чужой ідэалогіі, — гаворыцца ў паведамленні. — У ведамстве нагадалі, што Еўрасаюз ужо ўвёў шэраг абмежавальных мер супраць датычных асоб і прадпрыемстваў, і падкрэслілі: “Прадстаўленая вамі каштоўная інфармацыя будзе ўзятая пад увагу з мэтай далейшага ўзмацнення нашай наяўнай працы ў гэтай сферы”.

Паводле інфармацыі АПК, “асобныя краіны таксама заявілі пра сваю нязменную пазіцыю адносна ўзмацнення ціску на рэжым Лукашэнкі за саўдзел у агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны, рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека”. Заяўлена, што перададзеныя НАУ даныя “будуць выкарыстаныя пры падрыхтоўцы будучых прапаноў па ўвядзенні абмежавальных мер у дачыненні да выяўленых шкоднасных дзеячаў рэжыму Лукашэнкі і ААТ “Беларуськалій”.

“Хлус Лукашэнка можа колькі заўгодна абіваць парогі еўрапейскіх кабінетаў праз ценявых лабістаў і спадзявацца, што яму аслабяць калійныя санкцыі, — прыводзіць словы Латушкі прэс-служба АПК. — Адказ Еўрасаюза максімальна ясны: замест аслаблення абмежаванняў рэжым атрымае новыя справы ці нават пашырэнне санкцыйных спісаў”.

“Мы перадалі вычарпальныя доказы ўдзелу ААТ “Беларуськалій” у фінансаванні і арганізацыі незаконнага вывазу, размяшчэння і ідэалагічнай апрацоўкі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый”, — адзначыў ён.

На думку палітыка, “дыпламатычныя манеўры” Аляксандра Лукашэнкі не прымусяць Еўропу “забыцца на яго злачынствы”: “Дыктатар і яго памагатыя павінны рыхтавацца не да вяртання на еўрапейскія рынкі, а да лавы падсудных”.

“Пакаранне за саўдзел у ваеннай агрэсіі, рэпрэсіях беларускага народа і скрадзеных лёсах дзяцей рэальнае. Усе незаконна перамешчаныя ўкраінскія дзеці маюць вярнуцца дадому, усе палітвязні маюць быць вызваленыя, а вінаватыя — панесці адказнасць. Злачынствы не атрымаецца схаваць за “дабрачыннымі” шыльдамі. НАУ працягне сістэмную працу па зборы доказаў і іх перадачы міжнародным партнёрам”, — дадаў Латушка.

У сакавіку 2023 года Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе выдаў ордар на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена Марыі Львовай-Бяловай у сувязі з незаконным перамяшчэннем дзяцей з акупаваных РФ тэрыторый Украіны.

Афіцыйны прадстаўнік МКС Фадзі эль-Абдала ў кастрычніку 2024-га паведаміў, што рэжым Лукашэнкі, нягледзячы на тое, што Беларусь не далучылася да Рымскага статута МКС, можа быць прыцягнуты да адказнасці за датычнасць да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных РФ тэрыторый.

Увесну 2026 года Латушка перадаў сабраную НАУ інфармацыю пра незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей спецдакладчыцы Парламенцкай асамблеі АБСЕ па гэтым пытанні Карыне Одэбрынк (Швецыя).

“Больш за 3,5 тыс. украінскіх дзяцей былі прымусова перамешчаныя ў Беларусь з акупаваных тэрыторый Украіны — Херсонскай, Данецкай, Луганскай і Запарожскай абласцей. Гэтыя дзеянні ажыццяўляліся на падставе асабістага пісьмовага рашэння Лукашэнкі, прынятага ў рамках так званай Саюзнай дзяржавы”, — паведаміла НАУ ў красавіку.

За год да таго, 9 траўня 2025-га, кааліцыя з 35 дзяржаў — членаў Савета Еўропы абвясціла пра завяршэнне падрыхтоўкі прававой асновы для Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны і пацвердзіла палітычную падтрымку яго стварэння ў рамках СЕ.

Праз паўтара месяца, 25 чэрвеня, генеральны сакратар СЕ Ален Берсэ і ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падпісалі ў Страсбургу пагадненне аб стварэнні спецтрыбунала.

На сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) увесну 2025 года была прынятая рэзалюцыя з папраўкай, ініцыяванай беларускімі дэмсіламі, з якой вынікала, што юрысдыкцыя спецтрыбунала “мае распаўсюджвацца на меркаваныя злачынствы агрэсіі, здзейсненыя так званым беларускім кіраўніцтвам”.

На летняй сесіі таго ж года ПАСЕ прыняла рэзалюцыю з прапанаваным той жа камандай дапаўненнем, якое тычыцца адказнасці Лукашэнкі за перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных РФ тэрыторый Украіны.

На міністэрскім пасяджэнні Камітэта міністраў СЕ 15 траўня 2026 года ў Кішынёве (Малдова) кіраўнік украінскай дыпламатыі Андрэй Сібіга заявіў, што Лукашэнка, а таксама прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін і іншыя прадстаўнікі расійскага кіраўніцтва “атрымалі свой квіток у Гаагу” і “ўвойдуць у гісторыю як злачынцы”.

Тады было заяўлена, што на пасяджэнні “37 дзяржаў свету прынялі рашэнне аб зацвярджэнні Пашыранага частковага пагаднення аб стварэнні Кіраўнічага камітэта спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны — трэцяга ўстаноўчага дакумента Спецыяльнага трыбунала”.

29 траўня МЗС Украіны паведаміла, што рашэнне аформленае афіцыйна.

Неўзабаве пасля гэтага, 18 чэрвеня, на канферэнцыі АБСЕ ў Вене Андрэй Дапкюнас, які займаў на той момант пасаду пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры гэтай арганізацыі, заявіў, што Мінску “прыкра чуць пра <…> марныя надзеі на знясіленне і паражэнне Расіі, чуць абсурдныя фантазіі пра рэпарацыі і трыбуналы”.

Падзяліцца: