Мінск 00:34

Фільм “Лісты” пра рэпрэсіі ў Беларусі адзначаны прэміяй MDR на 69-м фестывалі DOK Leipzig

Стваральнікі дакументальнага фільма "Лісты"
Фота на прысвечанай кінастужцы старонцы ў "Інстаграме"

31 кастрычніка, Позірк. Фільм “Лісты” (міжнародная назва — Letters from the Silenced Country) беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы 31 кастрычніка стаў лаўрэатам прэміі MDR на 69-м фестывалі дакументальнага і анімацыйнага кіно DOK Leipzig у Германіі.

Прэмія MDR, якую ў 1995 годзе заснавала нямецкая тэлерадыёкампанія Mitteldeutscher Rundfunk (грамадскі вяшчальнік федэральных зямель Саксонія, Саксонія-Ангальт і Цюрынгія), уручаецца за выбітны ўсходнееўрапейскі дакументальны фільм. Яна належыць не да асноўных конкурсных прызоў фестывалю, а да партнёрскіх узнагародаў. У 2026 годзе грашовая частка прэміі складае 3.000 еўра.

DOK Leipzig заснаваны ў 1955 годзе і з’яўляецца найстарэйшым у свеце фестывалем дакументальнага кіно. Арганізатар — горад Лейпцыг (непасрэднае правядзенне ўскладзенае на некамерцыйную кампанію Leipziger Dok-Filmwochen).

“Фільм, які дае голас тым, каго прымусілі замаўчаць, пачулі, убачылі і высока ацанілі па-за межамі краіны. І ад гэтага атрыманае прызнанне робіцца яшчэ больш значным, — гаворыцца на старонцы дакументальнай стужкі “Лісты” ў “Інстаграме”. — Вялізныя віншаванні рэжысёру Андрэю і ўсёй камандзе, якая працавала над фільмам! Дзякуй DOK Leipzig за гэтую неверагодную ўзнагароду і за тое, што вы зноў нагадалі нам, чаму такія гісторыі настолькі важныя”.

Член адборачнай камісіі DOK Leipzig кінакрытык і журналіст Каралін Вайднер у апісанні на сайце фестывалю адзначыла, што Куціла, які “сам быў вымушаны ўцячы ў Польшчу праз дзяржаўныя рэпрэсіі”, распавядае пра лёсы трох зняволеных, чые гісторыі “ўвасабляюць лёсы больш як 65 тысяч чалавек, што зазналі крымінальны пераслед і пазбаўленне волі пасля спрэчнага пераабрання Аляксандра Лукашэнкі ў 2020 годзе”. “Фільм Андрэя Куцілы — гэта збор сведчанняў жаху, які адбываецца ў самым сэрцы Еўропы”, — напісала яна.

У верасні дакументальная стужка “Лісты” была ўганараваная прэміяй The Impact Golden Globes Prize for Documentary (узнагарода “Залатога глобуса” за ўплыў у дакументальным кіно) у рамках 83-га Венецыянскага міжнароднага фестывалю.

Андрэй Куціла нарадзіўся ў 1983 годзе ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць). У 2007 годзе атрымаў ступень па журналістыцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2009 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Зняў больш за 10 фільмаў, лаўрэат шэрагу міжнародных кінапрэмій. Заснавальнік Беларускай незалежнай кінаакадэміі.

За два крокі ад “Еўраоскара". Фільм “Лісты" беларускага рэжысёра Куцілы — у шорт-лісце Еўрапейскай кінаакадэміі

Дакументальны фільм беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы "Лісты "(англійская версія Letters from the Silenced Country, "Лісты з краіны маўчання") увайшоў у шорт-ліст прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі ў катэгорыі "Найлепшы еўрапейскі дакументальны фільм". Пра гэта рэжысёр паведаміў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку". Карціна …
Падзяліцца: