Мінск 13:41

Прадпрымальнік увёз у Беларусь больш за 40 тыс. прамтавараў, не даставіўшы іх на абавязковы кантроль — мытня

Фота: прэс-служба ДМК

2 лістапада, Позірк. Беларускі прадпрымальнік увёз у краіну больш за 40 тыс. прамысловых тавараў замежнай вытворчасці, не прад’явіўшы іх для абавязковага кантролю, паведаміла 2 лістапада прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, аператыўнікі Гомельскай мытні падчас правядзення спецыяльных мерапрыемстваў спынілі пяць транспартных сродкаў, якія належаць аднаму індывідуальнаму прадпрымальніку.

У аўтамабілях знаходзіліся адзенне, абутак, сумкі ды “іншыя тавары народнага спажывання ў асартыменце”, агульны кошт якіх складаў каля 500 тыс. рублёў.

“Высветлена, што пры іх увозе на тэрыторыю Беларусі не выкананая абавязковая ўмова, прадугледжаная ўказам <…> № 297, — да перадачы фізічным асобам тавары не былі дастаўленыя ў месцы правядзення кантролю”, — гаворыцца ў паведамленні.

Па кожным факце ў дачыненні да ІП распачатыя адміністрацыйныя працэсы паводле арт. 13.36 КаАП (парушэнне патрабаванняў па правядзенні кантролю міжнародных паштовых адпраўленняў або тавараў). Санкцыя для ІП і юрыдычных асоб — штраф у памеры да 50% кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.

Падзяліцца: