Мінск 02:29

Ціханоўская падзякавала ЕС за прыхільнасць мэтанакіраваным мерам супраць рэжыму Лукашэнкі

27 студзеня, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на сваёй старонцы ў сацсетцы “Х“ падзякавала  вярхоўнаму прадстаўніку Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кае Калас і камісару ў пытаннях пашырэння ЕС Марце Кос за падтрымку дэмакратыі, правоў чалавека і свабоднай Беларусі ў апублікаванай 26 студзеня сумеснай заяве.

Дэмлідар адзначыла, што “глыбока шануе“ прыхільнасць ЕС “мэтанакіраваным мерам супраць рэжыму” і яго жыццёва важную падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, дэмакратычных сіл у выгнанні і беларускай культуры.

Фіктыўныя выбары, адзначыла Ціханоўская, “яшчэ раз даказваюць, што рэжым баіцца волі народа”.

“Мы даможамся таго, што аднойчы беларусы змогуць выбіраць сваіх лідараў на свабодных і справядлівых выбарах“, — падкрэсліла дэмакратычны лідар.

Беларусы “належаць еўрапейскай сям’і“, адзначыла Ціханоўская, дадаўшы: “Разам мы забяспечым вяртанне нашай краіны туды, дзе ёй самае месца — у сэрцы свабоднай, дэмакратычнай і адзінай Еўропы”.

“Ваша салідарнасць умацоўвае наш шлях да свабоды”, — падкрэсліла Ціханоўская.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: