Мінск 02:34

Лукашэнка абмеркаваў з Пуціным “графік будучых кантактаў”

Лукашэнка і Пуцін на Валааме
Архіўнае фота: сайт Крамля

27 студзеня, Позірк. Міжнародную тэматыку і “графік будучых кантактаў” абмеркавалі па тэлефоне прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка, паведамляе прэс-служба апошняга.

Заяўляецца, што Пуцін “цёпла павіншаваў беларускага калегу з пераканаўчай перамогай на прэзідэнцкіх выбарах”, пасля чаго яны “зверылі гадзіннікі па актуальных пытаннях двухбаковай супрацы”.

Раней прэзідэнт РФ даслаў віншавальную тэлеграму.

З перамогай у тым, што афіцыйны Мінск лічыць “прэзідэнцкімі выбарамі”, Лукашэнку павіншавалі прэзідэнты Касым-Жамарт Такаеў (Казахстан), Шаўкат Мірзіёеў (Узбекістан), Эмамалі Рахмон (Таджыкістан), Ільхам Аліеў (Азербайджан), а таксама старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін, генеральны сакратар Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Імангалі Тасмагамбетаў, патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.

Паводле даных Цэнтрвыбаркама Беларусі, Аляксандр Лукашэнка атрымаў 5.136.293 голаса (86,82%), Сяргей Сыранкоў (Камуністычная партыя Беларусі) — 189.740 (3,21%), Алег Гайдукевіч (Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі) — 119.272 (2,02%), Ганна Канапацкая (былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, удзельніца выбарчай кампаніі 2020 года) — 109.760 (1,86%), Аляксандр Хіжняк (Рэспубліканская партыя працы і справядлівасць) — 102.729 (1,74%). Супраць усіх прагаласавала 213.277 выбаршчыкаў (3,60%).

Канчатковыя вынікі выбараў-2025 будуць падведзеныя 3 лютага.

Прадстаўнікі многіх дэмакратычных краін Захаду ўжо заявілі, што не прызнаюць вынікі выбараў і Лукашэнку ў якасці прэзідэнта Беларусі.

Падзяліцца: