Мінск 02:40

Кіраўнік літоўскай дыпламатыі заклікаў краіны ЕС падтрымаць іск Вільнюса ў МКС супраць рэжыму Лукашэнкі

Кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс
Скрыншот: відэаматэрыял медыяцэнтра Савета ЕС

27 студзеня, Позірк. 26 студзеня ў Беларусі “ў чарговы раз прайшло арганізаванае мерапрыемства па перапрызначэнні” Аляксандра Лукашэнкі, якое нельга назваць “ні выбарамі, ані нечым іншым, што нагадвала б пра дэмакратычныя працэдуры і інстытуты”, заявіў журналістам кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс 27 студзеня ў Бруселі перад пасяджэннем кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін Еўрасаюза.

“Сёння мы мусім пацвердзіць нашу палітыку ў дачыненні да Беларусі, якая заключаецца ва ўчыненні ціску на рэжым праз сталыя парушэнні правоў чалавека, праз абмежаванне правоў палітычнай апазіцыі, а таксама варожасці ў дачыненні да журналістаў і палітычнай апазіцыі”, — сказаў ён.

Паводле слоў Будрыса, у XXI стагоддзі ў Еўропе адбываецца тое, што “больш за 1.200 чалавек дагэтуль застаюцца палітычнымі вязнямі”.

“Таму мы павінны працягваць падтрымліваць дэмакратычную Беларусь, падтрымліваць кіраўніцтва дэмакратычнай Беларусі і працягваць ціснуць на рэжым, які таксама з’яўляецца ваенным тылам Расіі”, — падкрэсліў кіраўнік літоўскай дыпламатыі.

Чыноўнік заклікаў не забываць, што “Беларусь адыграла сваю ролю ў незаконнай агрэсіі Расіі супраць Украіны, і за гэта Беларусь і яе кіраўніцтва таксама павінны несці адказнасць”.

“Мы заклікаем нашых еўрапейскіх сяброў, краіны — члены ЕС падтрымаць перадачу Літвой спраў аб злачынствах супраць чалавечнасці ў Міжнародны крымінальны суд, гэта правільнае рашэнне”, — заявіў ён, відавочна, маючы на ўвазе перададзеныя 30 верасня 2024 года літоўскім урадам матэрыялы пра “трансгранічныя злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя Лукашэнкам і яго памагатымі ў дачыненні да беларусаў”.

Увечары 26 студзеня ў Бруселі ад імя вярхоўнай прадстаўніцы Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Каі Калас адбылася вячэра, на якой абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі. У ёй узяла ўдзел беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Калас і камісар па пытаннях пашырэння ЕС Марта Кос выступілі з сумеснай заявай, у якой адзначылі, што Еўрасаюз не прызнае мерапрыемства, што адбылося ў той жа дзень, якое афіцыйны Мінск лічыць “прэзідэнцкімі выбарамі”.

“Фіктыўныя выбары ў Беларусі”, падкрэслілі яны, “не былі ні свабоднымі, ані справядлівымі”.

“Народ Беларусі заслугоўвае рэальнага права голаса ў пытанні пра тое, хто кіруе яго краінай. Бесперапыннае і беспрэцэдэнтнае прыгнечанне правоў чалавека, абмежаванні на ўдзел у палітычным жыцці і доступ да незалежных СМІ ў Беларусі пазбавілі выбарчы працэс усякай легітымнасці. Мы заклікаем рэжым неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных, больш за тысячу з якіх адвольна ўтрымліваюцца пад вартай, уключаючы супрацоўніка прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза”, — адзначылі Калас і Кос.

Паводле даных Цэнтрвыбаркама Беларусі, Аляксандр Лукашэнка атрымаў 5.136.293 голаса (86,82%), Сяргей Сыранкоў (Камуністычная партыя Беларусі) — 189.740 (3,21%), Алег Гайдукевіч (Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі) — 119.272 (2,02%), Ганна Канапацкая (былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, удзельніца выбарчай кампаніі 2020 года) — 109.760 (1,86%), Аляксандр Хіжняк (Рэспубліканская партыя працы і справядлівасць) — 102.729 (1,74%). Супраць усіх прагаласавала 213.277 выбаршчыкаў (3,60%).

Канчатковыя вынікі выбараў-2025 будуць падведзеныя 3 лютага.

23 студзеня намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка заявіў, што іншыя краіны пакуль не прынялі рашэння аб далучэнні да іску Літвы супраць Аляксандра Лукашэнкі, атрыманыя адмовы ад “шэрагу ключавых партнёраў”.

Падзяліцца: