Мінск 20:39

Беларусь развівае ваенную супрацу з Егіптам у галіне ВПС і СПА

Фота: прэс-служба Мінабароны

28 студзеня, Позірк. “Узаемную зацікаўленасць у развіцці кантактаў” па лініі Вайскова-паветраных сіл (ВПС) пацвердзілі на сустрэчы ў Мінску камандуючы ВПС і войскамі СПА Узброеных сіл Беларусі Андрэй Лук’яновіч і галоўнакамандуючы ВПС Егіпта Махмуд Фуад Абдэльгавад, паведаміла 28 студзеня прэс-служба Міністэрства.

Суразмоўцы, як адзначаецца, “абмяняліся меркаваннямі па пытаннях далейшага ўзаемадзеяння”.

“Падчас візіту госці з Егіпта азнаёмяцца з авіяцыйнымі вайсковымі часцямі ВПС і войскаў СПА Беларусі, наведаюць месцы вайсковай славы і гісторыка-культурнай спадчыны краіны”, — гаворыцца ў паведамленні.

У снежні 2023 года Лук’яновіч на чале беларускай дэлегацыі наведваў Егіпет, дзе праходзіла міжнародная выстава ваеннай прамысловасці Egypt Defence Expo (EDEX). Тады беларускі военачальнік сустрэўся з Абдэльгавадам, а таксама камандуючым СПА Махамедам Хегазі.

У Каіры Лук’янавіч абмяркоўваў “удзел Беларусі і Егіпта ў сумесных мерапрыемствах баявой падрыхтоўкі, а таксама перспектывы двухбаковай супрацы ў рамках развіцця і мадэрнізацыі сістэм СПА абедзвюх дзяржаў”.

Летась у ліпені Беларусь наведвала егіпецкая вайсковая дэлегацыя на чале з намеснікам камандуючага войскамі СПА Тарыкам Фуадам Котбам Абу Эль-Энінам.

Падзяліцца: