Мінск 02:38

Султан Амана павіншаваў Лукашэнку з падаўжэннем паўнамоцтваў (абноўлена)

Дададзеныя абзацы 6–9, актуалізаваны абзац 11.

30 студзеня, Позірк. Султан Амана Хайсам бэн Тарык аль Саід “накіраваў тэлеграму” з віншаваннямі Аляксандру Лукашэнку ў сувязі з падаўжэннем ім уладных паўнамоцтваў, паведаміла 29 студзеня Oman News Agency.

Адзначаецца, што ў тэлеграме султан выказаў Лукашэнку “свае шчырыя пачуцці і найлепшыя пажаданні весці народ сваёй краіны да дасягнення далейшых мэтаў і рэалізацыі праектаў ва ўсіх абласцях”.

Таксама віншавальнік выказаў зацікаўленасць у “далейшым развіцці і пашырэнні адносін супрацоўніцтва і партнёрства паміж дзвюма краінамі на карысць народаў дзвюх краін”.

Аб атрыманні “тэлеграмы” з Амана прэс-служба Лукашэнкі не паведамляла.

Лукашэнка наведваў Аман у снежні 2024 года і падчас візіту заявіў, што Хайсам бэн Тарык аль Саід паабяцаў наведаць Беларусь у 2025 годзе.

Прэс-служба Лукашэнкі 30 студзеня паведаміла, што віншаванне з падаўжэннем паўнамоцтваў атрымана ад прэзідэнта Лаоса Тхонглуна Сісуліта.

“Глыбока перакананы, што пад Вашым мудрым кіраўніцтвам Рэспубліка Беларусь будзе і далей развівацца і квітнець. Я вельмі рады працягнуць цеснае ўзаемадзеянне з Вашым Правасхадзіцельствам дзеля далейшага ўмацавання і пашырэння дружалюбных адносін і высокага ўзроўню супрацоўніцтва, узаемаразумення, даверу і ўзаемадапамогі паміж Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь на карысць двух нашых народаў, а таксама ў імя міру, стабільнасці і супрацоўніцтва ў рэгіёне і ва ўсім свеце“, — гаворыцца ў віншаванні (арфаграфія захаваная).

2 снежня 2024 года, віншуючы Сісуліту з нацыянальным святам — Днём абвяшчэння рэспублікі, Лукашэнка заявіў, што Мінск і В’енцьян зацікаўленыя ў далейшым развіцці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і практычнай рэалізацыі “значнага эканамічнага патэнцыялу беларуска-лаоскіх сувязяў”.

Заяўлялася, што Лукашэнка пацвердзіў запрашэнне Сісулету наведаць Беларусь у “любы зручны час“ для “падрабязнага абмеркавання ўсіх спраў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць для дзвюх краін“.

Паводле папярэдніх звестак Цэнтрвыбаркама, на мерапрыемстве 26 студзеня, якое афіцыйны Мінск лічыць “прэзідэнцкімі выбарамі”, Лукашэнка атрымаў 5.136.293 галасы (86,82%). Канчатковыя вынікі будуць падведзеныя 3 лютага.

Віншаванні ў яго адрас накіравалі кіраўнікі 21 дзяржавы: Азербайджана, Бахрэйна, Босніі і Герцагавіны, Венесуэлы, В’етнама, Ірана, Казахстана, Кітая, Кубы, Кыргызстана, Лаоса, Нікарагуа, ААЭ, Амана, Пакістана, Расіі, Сербіі, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі і Узбекістана.

Падзяліцца: