Мінск 15:37

Варшава чакае росту колькасці правакацый з боку Беларусі ў сувязі з выбарамі прэзідэнта Польшчы

Польскі плот на мяжы з Беларуссю
Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Памежнай аховы Польшчы

31 студзеня, Позірк. Правакацыі з боку Беларусі, якія “служаць для паслаблення згуртаванасці польскай дзяржавы, праверкі працы польскіх службаў, а таксама ўмяшання ў палітычныя працэсы”, назіраюцца ўжо на працягу некалькіх гадоў, заявіў у інтэрв’ю радыё RMF24 намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Павел Залеўскі.

“Я чакаю, што ў сувязі з перадвыбарчай кампаніяй павялічыцца колькасць правакацый з боку Беларусі. Аднак сёння перасекчы нашу мяжу стала больш складана. Вайскоўцы таксама лепш падрыхтаваныя”, — адзначыў ён.

Прэзыдэнцкія выбары ў Польшчы прызначаныя на 18 траўня.

26 студзеня Міністэрства замежных спраў Беларусі, каментуючы іранічныя выказванні кіраўніка польскага знешнепалітычнага ведамства Радослава Сікоркага пра “інтрыгу” беларускіх “прэзідэнцкіх выбараў”, адзначыла: “Міністр, выбары ў Польшчы адбудуцца 18 траўня 2025 года, і толькі яны мусяць вас хваляваць. Так што займайцеся праблемамі сваёй краіны і свайго народа, і “не суньце свой нос куды не трэба”, як толькі што сказаў прэзідэнт Лукашэнка”.

Апошняя заўвага, мяркуючы з усяго, тычылася выказванняў Лукашэнкі, які 26 студзеня сярод іншага заклікаў Польшчу “гандляваць, зямлю араць і купляць трактары, а не танкі” і “клапацицца пра выбары ў сваёй краіне, а не пра беларускія”.

У 2024 годзе суседнія краіны Еўрапейскага саюза зафіксавалі 36.291 спробу мігрантаў нелегальна перасекчы мяжу з боку Беларусі — на 13,8% менш, чым у 2023-м (42.078), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных памежных службаў.

Пры гэтым 82,6% згаданых спробащ (29.972) адбылося менавіта на польскім участку мяжы — адзіным, дзе па выніках года назіраўся рост іх колькасці (на 17,2%, у 2023 годзе іх было 25.571).

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Пасля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (Бераставіца).

3 кастрычніка 2024 года міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Сямоняк заявіў, што ў кантэксце Беларусі Варшава робіць у міжнародных стасунках усё, каб спыніць крызіс на мяжы. Ён таксама прызнаўся, што сітуацыя на мяжы з Беларуссю стала “адным з самых сур’ёзных крызісаў” для польскай дзяржавы і “велізарным выклікам” для яго самога.

Летась 13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы пачала дзейнічаць буферная зона (11 верасня тэрмін яе дзеяння быў працягнуты на чарговыя 90 дзён, 10 снежня — яшчэ на 90). Польскія ўлады спачатку рапартавалі, што са з’яўленнем буфера плыні нелегалаў значна скараціліся, аднак 26 верасня віцэ-прэм’ер — міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў пра ўзмацненне ціску на мяжы.

З 1 жніўня 2024-га польскае войска праводзіць аперацыю “Бяспечнае Падляшша”, у рамках якой для садзейнічання памежнікам, што ажыццяўляюць ахову Беларусі, накіравана некалькі тысяч вайскоўцаў.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што іх туды “паклікалі”.

Падзяліцца: