Мінск 01:43

Украіна заклікала Міжнародную федэрацыю хакея “захаваць і пастрожыць” санкцыі супраць Беларусі і РФ

31 студзеня, Позірк. Пра неабходнасць “захаваць і пастрожыць” санкцыі супраць хакеістаў і трэнераў з Беларусі і Расіі, не дапускаючы іх да міжнародных турніраў, гаворыцца ў лісце міністра моладзі і спорту Украіны Мацвея Беднага і прэзідэнта Усеўкраінскай федэрацыі хакея (на лёдзе) Сяргея Мазура прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ) Люсьену Тардзіфу.

Паводле даных украінскага боку, вайна РФ супраць Украіны “забрала жыцці больш за 500 украінскіх спартощцащ і трэнераў, у тым ліку больш за 90 прадстаўнікоў хакейнай супольнасці”.

“Сусветны хакей не можа заставацца ў баку, калі вайна знішчае будучыню ўкраінскага спорту, — гаворыцца ў лісце. — Мы спадзяемся на прынцыповую пазіцыю і рашучасць у абароне фундаментальных каштоўнасцей спорту”.

У сувязі з поўнамаштабнай вайной, якую Расія пачала ў тым ліку з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі, хакейныя зборныя дзвюх краін не былі дапушчаныя да чэмпіянату свету 2022 года ў Фінляндыі. 27 траўня таго года ІІХФ забараніла беларусам і расіянам удзельнічаць у першынстве свету 2023 года.

12 лютага 2024 года Савет ІІХФ прыняў рашэнне не ўключаць Беларусь і РФ у сезон чэмпіянату свету па хакеі 2024–2025 гадоў.

ІІХФ дзейнічае “несамастойна” пры прыняцці рашэнняў па допуску беларускіх і расійскіх каманд да спаборніцтваў пад сваёй эгідай, заявіў 13 лютага 2024 года кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі (ФХБ) былы вясляр Аляксандр Багдановіч.

“Многія федэрацыі дапускаюць нашых спартоўцаў, тыя паспяхова прадстаўляюць нашы краіны на міжнароднай арэне, ствараюць здаровую спартыўную канкурэнцыю. Але, відаць, некаму ў Савеце ІІХФ такая канкурэнцыя не патрэбная, бо інакш шанцы іх краін на медалі былі б вельмі сумнеўныя”, — сказаў кіраўнік ФХБ.

Апошні раз зборныя Беларусі і РФ краін удзельнічалі ў ЧС-2021. Беларусы занялі перадапошняе — 15-е месца, расіяне — 5-е.

Падзяліцца: