Мінск 19:56

Следам за IAPB перадаць пракурору МКС матэрыялы супраць рэжыму Лукашэнкі рыхтуецца НАУ

Кіраўнік НАУ Павел Латушка
Архіўнае фота: "Позірк"

8 лютага, Позірк. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка падзякаваў Міжнароднай платформе па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB) за сістэмную працу па зборы і абагульненні матэрыялаў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а таксама іх перадачу офісу пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС).

“Перадача ў МКС, якая адбылася ў гэтыя дні, вялікага аб’ёму доказаў злачынстваў, якія ўчыняюцца Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі ў дачыненні да беларусаў, з’яўляецца важным крокам, накіраваным на расследаванне ўсяго комплексу злачынстваў супраць чалавечнасці, за якія вінаватыя павінны панесці адказнасць”, — цытуе палітыка прэс-служба АПК.

Адначасова, адзначыў Латушка, НАУ “таксама рыхтуе доказы і матэрыялы для перадачы ў найбліжэйшы час у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда”.

“Перадача гэтых матэрыялаў — важны этап для наступнай ацэнкі пракурорам Міжнароднага крымінальнага суда магчымасці прыняцця рашэння аб пачатку расследавання беларускай сітуацыі па сутнасці ў сувязі з перададзеным Літвой 30 верасня 2024 года зваротам у МКС”, — лічыць намеснік кіраўніцы АПК.

Як паведамляў “Позірк”, IAPB накіравала пракурору МКС матэрыялы для “папярэдняга вывучэння пытання”, ці мае гэты суд юрысдыкцыю для “расследавання і пераследу меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасці, уключаючы дэпартацыю, пераслед і іншыя бесчалавечныя акты, здзейсненыя беларускімі высокапастаўленымі службовымі асобамі з 1 траўня 2020 года”.

У 2023 годзе НАУ двойчы перадавала МКС матэрыялы пра датычнасць рэжыму Лукашэнкі да незаконнага перамяшчэння ў Беларусь дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны. Прадстаўнікі дэмакратычных сіл дамагаюцца выдачы ордара на арышт Лукашэнкі.

30 верасня 2024 года ўрад Літвы перадаў у офіс пракурора МКС матэрыялы пра “трансгранічня злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі ў дачыненні да беларусаў”. Вільнюс патлумачыў сваё рашэнне тым, што больш не можа бяздзейнічаць.

У звароце ў МКС літоўскі ўрад адзначыў: “Маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што з 1 траўня 2020 года і дагэтуль супраць грамадзянскага насельніцтва Беларусі на загад высокапастаўленых беларускіх палітычных, праваахоўных і вайсковых чыноўнікаў здзяйсняюцца злачынствы супраць чалавечнасці”. Пад імі маюцца на ўвазе дэпартацыя, пераследы і “іншыя бесчалавечныя акты”.

Беларускія дэмсілы заклікалі краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, падтрымаць намаганні Літвы па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці ў МКС шляхам далучэння да звароту.

Падзяліцца: