Мінск 04:08

Шарэнда-Панасюк супраць перамоў з Лукашэнкам пра вызваленне палітвязняў (дапоўнена)

Крыніца: pixabay.com

10 лютага, Позірк. Супраць перамоў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі адносна вызвалення палітвязняў выступіла былая палітычная зняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк на прэс-канферэнцыі 10 лютага ў Вільнюсе.

“Калі я чую пра перамовы з Лукшэнкам, мне робіцца смешна, — сказала яна. — Лукашэнка — гэта не самастойная фігура ў Беларусі, гэта расійская марыянетка. Яму дазваляюць у пэўных межах нешта крычаць, тупаць нагамі, варушыць бровамі, але я ўпэўненая, што [палітыка] у пытанні беларускага нацыянальнага вызвольнага руху, да якога я сябе адношу, — гэта ўжо прэрагатыва Расіі. Не вырашае Лукашэнка гэтыя пытанні, гэта вырашае Расія”.

Калі да мяне прыязджалі [у калонію] браць <…> інтэрв’ю так званыя журналісты, <…> з імі прыязджаў расіянін. Ён іх курыраваў, вёў іх, апекаваў”.

На думку Шарэнда-Панасюк у сітуацыі з Лукашэнкам “патрэбны толькі ціск”. Яна ўпэўненая, што яе выхад на волю — “не дамова з рэжымам, не тое, што Лукашэнка пайшоў на нейкія саступкі”. “[Гэта вынік] менавіта таго, што вы дайшлі да пэўнай кропкі, мы даціснулі гэтую сітуацыю са мной”, — адзначыла спікер.

“Сітуацыя з палітвязнямі не ў першы раз паўтараецца ў Беларусі. Так было ў 2006 годзе, 2010-м. Заўжды ўводзіліся санкцыі. Санкцыі дзейнічаюць. З размоў з гэтымі людзьмі (прадстаўнікамі рэжыму. — “Позірк”.), бачна, наколькі яны раз’юшаныя гэтымі санкцыямі. Хоць яны вонкі дэманструюць, маўляў, нам усё адно, мы ўсё імпартазамясцілі. Насамрэч гэтыя санкцыі дзейнічаюць і яны для іх вельмі балючыя”, — дадала яна.

Паводле слоў Шарэнда-Панасюк, маецца пэўнае “эканамічнае, ідэалагічнае лобі”, у тым ліку ў Еўропе, якое кажа пра неабходнасць скасаваць санкцыі, каб людзі выйшлі на волю, але гэта, на яе думку, няправільны шлях.

“Калі мы зноў адмовімся ад санкцый, не даціснем імі рэжым, гэта значыць, што праз пэўны час будуць новыя палітвязні, — упэўненая яна. — Вызваляючы 10 чалавек, гэты рэжым адначасова хапае і кідае за краты 20, Калі мы скасуем, адклічам гэтыя санкцыі, рэжым зразумее, што гэтая тактыка — бярэм закладнікаў і гандлюем як таварам — цудоўна працуе”.

“Патрэбная жорсткая эканамічная блакада гэтага рэжыму. Інструменты, думаю, усім відавочныя. Беларусь — транзітная краіна. Чаму дагэтуль ідзе нейкі гандаль з канцлагерам, чаму праз Беларусь, якая фактычна з’яўляецца акупаванай тэрыторыяй, дагэтуль ідзе нейкі транзіт? Гэта проста ганьба цывілізаванага свету, што людзей забіваюць, катуюць (не год і не два, гэта цягнецца 30 гадоў), а гандаль ідзе спакойна”, — сказала Шарэнда-Панасюк.

Экс-палітзняволеная назвала “сорамам” той факт, што дагэтуль супраць рэжыму Лукашэнкі не ўведзеныя санкцыі менавіта за наяўнасць палітвязняў.

На пытанне, ці мусяць сваякі палітвязняў пра іх распавядаць, Шарэнда-Панасюк адказала: “Калі мы глядзім, напрыклад, галівудскі фільм, дзе бяруць закладнікаў, якія ўмовы звычайна высвтаўляе тэрарыст? Нікому пра закладнікаў не распавядаць”.

“Мы бачым гэтую сітуацыю ў Беларусі. [Рэжым нібы кажа:] “Мы вас катуем, мы вас знішчаем, а вы не распавядайце пра гэта, нам некамфортна, што ўвесь свет даведаецца, што творыцца ў Беларусі”, — адзначыла яна. — Я разумею сваякоў, якія пагаджаюцца на любыя умовы, каб толькі родны чалавек неяк выбраўся з-за гэтых кратаў. Я іх цудоўна разумею, але нас шмат, мы — рух. Калі мы будзем замоўчваць пра тысячы людзей, якіх катуюць, знішчаюць… Гэтага рабіць нельга, пра гэта трэба крычаць на ўвесь свет. Калі пра гэта не гаворыцца, гэтага быццам і няма, такая сітуацыя”.

“Калі мы будзем пагаджацца на ўмовы тэрарыстаў, тэрарыст будзе рабіць усё, што захоча. Ён будзе маніпуляваць людзьмі там, сваякамі. Трэба мець вельмі цвёрдую пазіцыю. Яны баяцца арганізаванай сілы. Калі мы будзем кожны паасобку, яны будуць кожнага паасобку знішчаць”, — падкрэсліла Шарэнда-Панасюк.

Пазьняк заклікае Захад дзеля вызвалення палітвязняў пачаць перамовы з "гэтым варварскім рэжымам"

9 лютага, Позірк. Пачаць перамовы з афіцыйным Мінскам аб вызваленні беларускіх палітычных зняволеных заклікаў краіны Захаду кіраўнік руху "Вольная Беларусь" Зянон Пазьняк у відэазвароце 9 лютага. Палітык назваў іх "фактычна закладнікамі". Пазьняк у чарговы раз раскрытыкаваў стратэгію санкцыйнага ціску для …

Падзяліцца: