Мінск 13:04

Фракцыя КР “Беларусы дзеяння” вылучыла Таццяну Лукаянаву кандыдатам на пасаду прадстаўніка АПК па сацпалітыцы

19 верасня, Позірк. Кандыдатуру Таццяны Лукаянавай на пасаду прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па сацыяльнай палітыцы вылучыла фракцыя Каардынацыйнай рады (КР) “Беларусы дзеяння”.

Лукаянава была ў ліку 12 чалавек, якія ўваходзілі ў выбарчы спіс Блока беларускіх палітвязняў “Беларусы дзеяння” на выбарах у КР 4-га склікання. Ва выніках галасавання сёлета ў траўні блок атрымаў чатыры мандаты і сфармаваў аднайменную фракцыю. Лукаянава ў лік дэлегатаў не трапіла.

Фракцыя адзначае, што Лукаянава “мае больш за 25 гадоў прафесійнага досведу ў адукацыі, бізнесе, кіраванні, медычным сектары і сферы безнаяўных разлікаў”.

“На працягу 11 гадоў яна працавала адміністратаркай у медычным цэнтры, раней кіравала ўласным бізнесам і працавала ў сферы продажаў і арганізацыі працы, — гаворыцца ў паведамленні. — Пасля 2020 году значную частку яе жыцця заняла грамадская дзейнасць: дваровая самаарганізацыя, узаемадапамога, падтрымка людзей, якія пацярпелі ад рэпрэсій, палітычных зняволеных і іх сем’яў. Рэпрэсіі закранулі і яе асабіста. Таццяна прайшла праз затрыманні, страціла працу і ў 2024 годзе была вымушаная пакінуць Беларусь. Сёння яна працягвае працаваць з людзьмі, якія прайшлі праз палітычны перасьлед, у тым ліку як ментарка ініцыятывы “Вольныя”.

Адзначаецца, што Лукаянава прапануе засяродзіць працу прадстаўніцтва АПК па сацпалітыцы на “падтрымцы палітычных зняволеных, вызваленых і іх сем’яў”, “медычнай і псіхалагічнай рэабілітацыі ахвяр рэпрэсій”, “дапамозе беларусам у вымушанай эміграцыі”, “працаўладкаванні, перанавучанні і вяртанні людзей да самастойнага жыцця”, “супрацы з беларускімі грамадскімі арганізацыямі, бізнесам і міжнароднымі партнёрамі”, “падрыхтоўцы мадэляў сацыяльнай рэабілітацыі для будучай дэмакратычнай Беларусі”.

“Асобны прынцып яе праграмы — не ствараць яшчэ адну структуру, якая дублюе ўжо існыя беларускія ініцыятывы, а злучаць іх магчымасці і выкарыстоўваць палітычны статус АПК для вырашэння праблем, якія патрабуюць інстытуцыйнага або міжнароднага ўзроўню”, — падкрэсліла фракцыя.

Раней паведамлялася, што “Кааліцыя Латушка і Рух “За Свабоду” у КР вылучыла кандыдатуру Веранікі Станкевіч на пасаду прадстаўніка АПК па сацыяльнай палітыцы, а група з дзевяці дэлегатаў, якія ўваходзяць у розныя фракцыі, — кандыдатуру Юліі Міцкевіч (зараз — в.а. прадстаўніка па сацпалітыцы, да таго — намесніца прадстаўніка).

Да 9 жніўня 2026 года профільнае прадстаўніцтва АПК ачольвала Вольга Зазулінская. Цяпер яна кіруе Місіяй дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве. Былая кіраўніца місіі Святлана Шаціліна абраная ў КР.

Падзяліцца: