Мінск 11:08

Шарэнда-Панасюк: Многіх палітвязняў прымусілі падпісаць “паперу аб супрацы”, я сваю дэзавуюю

Фота: "Радыё Свабода"

10 лютага, Позірк. Часткай алгарытму вызвалення асуджаных з палітычных матываў стала падпісанне “паперы аб канфідэнцыйным супрацоўніцтве” з сілавікамі, заявіла на прэс-канферэнцыі 10 лютага ў Вільнюсе былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк.

Паводле яе слоў, за чатыры гады рэпрэсій “сфармаваўся своеасаблівы графік” вызвалення.

“Чалавека пачынаюць катаваць, а ў пэўны момант да яго прыходзяць і прапануюць пісаць [прашэнне] аб памілаванні, — паведаміла яна. — Калі чалавек не здаецца, яго працягваюць катаваць. Катуюць, прыходзяць і патрабуюць пісаць прашэнне аб памілаванне. “Калі ты не напішаш, ніколі адсюль не выйдзеш, не пабачыш сваіх дзяцей, твае дзеці будуць расці без цябе”, — гэта тыя словы, якія чула я ад прадстаўнікоў ДВП (Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. — “Позірк”.)”.

“Калі чалавек ужо прайшоў праз прашэнне аб памілаванні, інтэрв’ю шмат у якіх выпадках, заключны этап, каб чалавека канчаткова, як яны думаюць, зламаць, дыскрэдытаваць, каб чалавек выйшаў з лукашэнкаўскага ГУЛАГу і нават думаць не мог пра нейкую палітыку, баяўся, яго прымушаюць падпісаць паперу аб канфідэнцыйным супрацоўніцтве. Я заяўляю, што я пісала гэтыя паперы, разумеючы, што магу ніколі не выйсці з-за кратаў. Першую паперу я напісала, знаходзячыся ў ПК № 24 (месціцца ў гарадскім пасёлку Зарэчча ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці. — “Позірк”.) 24 снежня, другую — ужо ў Брэсце, калі я прыйшла ў ГУБОПіК, гэта было 3 лютага. На наступны дзень я з’ехала”, — сказала Шарэнда-Панасюк.

Экс-палітзняволеная заявіла, што падпісаць тыя паперы з яе боку было “тактычным крокам”, і цяпер яна “дэзавуюе гэтыя падпісанні”.

“Я чула, што шмат каго з палітзняволеных прымусілі гэта зрабіць, — адзначыла спікер. — Я заклікаю ўсіх, хто мае мудрасць, таксама публічна абвергнуць, дэзавуяваць гэтае падпісанне. Гэтым мы вырываем зброю з рук гэтых катаў”.

Такім чынам, паводле яе меркавання, рэжым Аляксандра Лукашэнкі выпрацаваў пэўны алгарытм “адпускання людзей”. Яго прадстаўнікам “недастаткова проста пратрымаць чалавека проста ў катавальні, зламаць яго, падарваць яго псіхічнае і фізічнае здароўе, давесці фактычна да інваліднасці, трэба яшчэ і прынізіць”. “Каб чалавек сваім ідэалам проста здрадзіў і падпісаў [паперу аб супрацы, каб выклікаць да яго] недавер”, — патлумачыла Шарэнда-Панасюк.

На пытанне, чаго рэжым чакае ад падпісантаў такіх папер, экс-палітзняволеная адказала: “Гэта называецца стукацтва”.

“Надаецца псеўданім. Я раскрыю свой — “Эдэльвейс”. То бок, у калоніі абавязуюцца даносіць, якія настроі ў асуджаных, асабліва падчас выбараў. У ГУБОПіКу практычна тое ж самае, напрыклад, укараніць чалавека, каб чалавек проста даваў інфармацыю”, — сказала яна.

Падзяліцца: