Мінск 23:52

Японія выдзеліць бальніцы ў Сянно 72 тыс. долараў на куплю эндаскапічнай сістэмы для пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС

На цырымоніі падпісання кантракта
Фота: by.emb-japan.go.jp

12 лютага, Позірк. Каля 72 тыс. долараў ЗША атрымае Сенненская цэнтральная раённая бальніца (Віцебская вобласць) ад урада Японіі.

Сродкі, выдзеленыя ў рамках праграмы “Карані травы — грантавая дапамога для праектаў па забеспячэнні бяспекі чалавека”, пойдуць на куплю эндаскапічнай сістэмы, паведаміла дыппрадстаўніцтва.

Цырымонія падпісання кантракта прайшла ў рэзідэнцыі амбасадара Японіі ў Беларусі Ямамота Хіраюкі ў прысутнасці яго жонкі, прадстаўнікоў міністэрстваў замежных спраў, аховы здароўя, дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі прэзідэнта.

Бальніца “надае медыцынскія паслугі насельніцтву колькасцю каля 20.000 чалавек, у тым ліку каля 2.000 чалавек, якія былі вымушаны пакінуць раёны, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і да гэтага часу пакутуюць ад наступстваў”, зазначаецца ў прэс-рэлізе амбасады.

“Чакаецца, што новая эндаскапічная сістэма дазволіць штогод праводзіць каля 2.100 высокадакладных эндаскапічных даследаванняў (павелічэнне прыкладна на 1.600), што прывядзе да ранняга выяўлення і лячэння захворванняў органаў ЖСТ у прыкладна 20.000 мясцовых жыхароў (адпавядае колькасці жыхароў Сенненскага раёна. — Позірк”.).

Урад Японіі рэалізуе праграму “Карані травы — грантавая дапамога для праектаў па забеспячэнні бяспекі чалавека” з 2004 года для падтрымкі пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС.

“Гэты праект стане 61-м рэалізаваным у Беларусі праектам, а агульная сума рэалізаваных праектаў складзе каля 5 млн долараў ЗША”, — зазначае дыппрадстаўніцтва Японіі, якая ў 1945 годзе пацярпела ад атамных бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі, а ў 2011 годзе — ад аварыі на Фукусімскай АЭС.

Амбасада падкрэслівае, што “і надалей працягне прыкладаць намаганні да рэалізацыі праектаў, накіраваных на непасрэдную дапамогу людзям Беларусі”.

Даведка “Позірку”:

Японія не ўпершыню дапамагае бальніцы ў Сянно. 14 лютага 2022 года быў падпісаны кантракт аб выдзяленні ёй гранта ў памеры 53.907 долараў ЗША на набыццё відэаэндаскапічнай сістэмы. Тады амбасада называла агульную суму падтрымкі з 2004 года ў рамках праграмы “Карані травы…” — 4.584.074 долары ЗША. Цяперашні грант стаў першым за мінулыя тры гады, такім чынам, агульная сума дапамогі дасягнула 4,66 млн долараў.

Новы грантавы кантракт быў падпісаны 3 лютага — па супадзенні ў той самы дзень, калі беларуская амбасада ў Токіо аб’явіла аб прыпыненні працы консульскай службы.

Беларускія ўлады, у адрозненне ад расійскіх, не ўключылі Японію ў спіс “недружалюбных краін”, аднак дазволілі “паралельны імпарт” тавараў без згоды японскіх праваўладальнікаў, паколькі Токіо падтрымлівае санкцыйны рэжым у дачыненні да Мінска.

10 студзеня 2025 года Мінскі гарадскі суд пачаў разглядаць справу грамадзяніна Японіі Наканісі Масатосі, які абвінавачваецца паводле арт. 3581 Крымінальнага кодэкса (агентурная дзейнасць). Пра яго затрыманне стала вядома 4 верасня 2024 года.

3 снежня 2024 года “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі”, якая дзейнічае ў падполлі, паведаміла пра затрыманне другога грамадзяніна Японіі, які, як і яго суайчыннік, абвінавачваўся ў здымцы аб’ектаў чыгуначнай інфраструктуры. Японская амбасада пацвердзіла затрыманне.

Падзяліцца: