Мінск 18:33

Ціханоўская падтрымала заклік ЗША да вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

13 лютага, Позірк. Падзяку за “грандыёзную працу” выказала дзяржсакратару ЗША Марка Рубіа, прэзідэнту Дональду Трампу, амерыканскай амбасадзе ў Вільнюсе, уладам Літвы і “ўсім саюзнікам” дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Такім чынам палітык 13 лютага адрэагавала на вызваленне некалькіх беларускіх палітычных зняволеных, якое адбылося напярэдадні пры ўдзеле ЗША, а таксама на наступны заклік Рубіа вызваліць усіх палітвязняў у Беларусі.

“Вы маеце рацыю, мы мусім працягваць працаваць разам, каб канчаткова вызваліць Беларусь, вызваліць усіх несправядліва затрыманых і аднавіць справядлівасць і мір у нашым рэгіёне”, — напісала Ціханоўская на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х, пазначыўшы прадстаўнікоў амерыканскіх уладаў.

Як паведамляў “Позірк”, Рубіа вітаў вызваленне 12 лютага двух беларускіх палітвязняў і грамадзяніна ЗША (дастаўленыя з Беларусі ў Літву). “Мы па-ранейшаму адданыя справе вызвалення іншых грамадзян ЗША ў Беларусі і іншых краінах. Мы заклікаем вызваліць амаль 1.300 палітычных зняволеных, якія застаюцца ў турмах па ўсёй Беларусі”, — адзначыў кіраўнік амерыканскага знешнепалітычнага ведамства.

Пра выхад на волю экс-супрацоўніка “Радыё Свабода” Андрэя Кузнечыка, асуджанай за ўдзел у пратэстах Алены Маўшук і неназванага грамадзяніна ЗША каманда Святланы Ціханоўскай паведаміла 12 лютага.

Падзяліцца: