Мінск 00:45

Зазулінская: Міжнародная ўвага да палітвязняў дапамагае іх вызваленню

Алена Маўшук і Вольга Зазулінская
Фота: АПК

13 лютага, Позірк. Вызваленне экс-супрацоўніка “Радыё Свабода” Андрэя Кузнечыка, шматдзетнай маці Алены Маўшук і неназванага грамадзяніна ЗША пацвярджае, што “намаганні не марныя”, а міжнародная ўвага да праблематыкі палітвязняў у Беларусі “сапраўды дапамагае”, заявіла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Вольга Зазулінская.

“Вызваленне палітвязняў — гэта заўсёды радасць, — цытуе яе прэс-служба АПК. — Мы шчаслівыя за Андрэя Кузнечыка, Алену Маўшук і іх сем’і, для якіх скончыўся гэты страшны перыяд чакання і невядомасці. Але гэта не фінал, а толькі маленькі крок”.

Зазулінская нагадала, што шмат людзей дагэтуль застаецца за кратамі “ў нечалавечых умовах, пад штодзённым ціскам, без нармальнай медыцынскай дапамогі, у інфармацыйнай ізаляцыі”. Пры гэтым “асабліва цяжка жанчынам, бо рэпрэсіі супраць іх носяць не толькі палітычны, але і глыбока дэманстратыўны характар: рэжым мэтанакіравана знішчае іх фізічна і маральна”.

“Вікторыя Кульша ўжо тройчы асуджаная паводле арт. 411 [Крымінальнага кодэкса] (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі. — “Позірк”.). Гэта “тэрмін без тэрміну” — механізм, калі чалавека зноў і зноў асуджаюць за “парушэнні рэжыму” ў калоніі. Такіх выпадкаў у Беларусі становіцца ўсё больш, што сведчыць: рэпрэсіўная машына не запавольваецца, а толькі паскараецца”, — адзначыла прадстаўніца АПК.

Зазулінская звярнула ўвагу, што “зусім нічога невядома” сёння пра стан Марыі Успенскай, удавы забітага ў перастрэлцы ў 2021 годзе ІТ-спецыяліста Андрэя Зельцэра, якую “адправілі на прымусовае лячэнне”. “Што з ёй? Ці жывая яна? Гэтыя пытанні застаюцца без адказаў, таму што рэжым мэтанакіравана стварае вакол вязняў інфармацыйную пустэчу”, — сказала палітык.

Пакуль у турмах і калоніях застаецца хаця б адзін нявінны чалавек, дэмакратычна сілы будуць працягваць барацьбу, падкрэсліла Зазулінская. Паводле яе слоў, неабходна рабіць усё магчымае, каб “дзень вызвалення ўсіх палітвязняў надышоў як мага хутчэй”.

Інфармацыя аб вызваленні палітвязняў Кузнечыка і Маўшук, а таксама “грамадзяніна ЗША, імя якога пакуль не раскрываецца”, з’явілася ў тэлеграм-канале дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай 12 лютага.

Гэтыя навіны палітык назвала “цудоўнымі”, а тых, хто вызваліўся — “закладнікамі рэжыма”.

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа вітаў вызваленне гэтых людзей. “Мы па-ранейшаму адданыя справе вызвалення іншых грамадзян ЗША ў Беларусі і іншых краінах. Мы заклікаем вызваліць амаль 1.300 палітычных зняволеных, якія застаюцца ў турмах па ўсёй Беларусі”, — адзначыў кіраўнік амерыканскага знешнепалітычнага ведамства ў заяве 12 лютага.

Падзяліцца: