Мінск 06:13

Трэція суткі запар ад агню ў Беларусі гіне два чалавекі

Фота: МНС

16 лютага, Позірк. Трэція суткі запар ад агню ў Беларусі гіне два чалавекі, вынікае з праведзенага “Позіркам аналізу даных Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

За гэты час трагедыі адбыліся ў Ельскім і Жыткавіцкім раёнах Гомельскай вобласці, Лідскім раёне Гродзенскай вобласці, Уздзенскім раёне Мінскай вобласці, Магілёўскім раёне і Мінску.

За мінулыя дзяжурныя суткі (з 6.00 15 лютага па 6.00 16 лютага) у Беларусі адбылося 28 пажараў (з пачатку года — 888; +19,4% да аналагічного перыяду 2024-га). Паводле звестак МНС, сёлета агонь забраў жыцці 113 чалавек (98; +15,3%).

За 2024 год агонь забраў жыцці 562 чалавек — на 7,3% больш, чым у 2023-м (524); траўмаваў 558 (+6,7%, 523).

На паседжанні калегіі МНС, якое прайшло 14 лютага, кіраўнік ведамства Вадзім Сіняўскі заявіў, што ў 2024 годзе ў Беларусі былі “забяспечаныя бяспечныя ўмовы жыццядзейнасці насельніцтва, аператыўнае рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі і эфектыўная ліквідацыя іх наступстваў”.

Паводле слоў чыноўніка, якія перадае прэс-служба МНС, у выніку “сумеснай прафілактычнай працы” колькасць загінулых на пажарах у мінулым годзе “не перавысіла сярэднегадавы паказчык за апошнія пяць гадоў”. Разам з тым, канстатаваў Сіняўскі, меры, якія прымаюцца, не дазволілі захаваць дасягнутую ў 2022 і 2023 гадах дынаміку зніжэння колькасці пажараў і загінуўшых ад іх людзей.

Дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што задачы, пастаўленыя “кіраўніком дзяржавы перад ведамствам у цэлым выкананыя”. Пры гэтым, як паведамлялася, ён “завастрыў увагу на праблемных пытаннях”.

“У першую чаргу мяне хвалюе колькасць пажараў, якія адбываюцца ў нашай краіне. Можа быць, нават не па віне працы МНС, а па віне нашых грамадзян, якія неасцярожна абыходзяцца з агнём: гэта і парушэнне правілаў выкарыстання бытавой тэхнікі, гэта і курэнне, гэта і, на жаль, ужыванне алкаголю. У любым выпадку, трэба прымаць усе меры, каб прадухіліць гібель чалавека, таму што здароўе і жыццё людзей — гэта вельмі важны складнік пытанняў нацыянальнай бяспекі”, — сказаў Вальфовіч.

Падзяліцца: