Мінск 23:44

У Мінску затрыманы грамадзянін РФ, якога ФСБ абвінавачвае ў дапамозе добраахвотніцкаму падраздзяленню “Свабода Расіі”

Крыніца: "Вікіпедыя"

17 лютага, Позірк. Супрацоўнікі Федэральнай службы бяспекі РФ затрымалі ў Мінску расійскага грамадзяніна Яўгена Убіраева, паведамляе выданне Sota.

Мужчыну абвінавачваюць у супрацоўніцтве з добраахвотніцкім падраздзяленнем “Свабода Расіі”, якоеі ваюе на баку Украіны.

Спасылаючыся на сваякоў затрыманага, выданне адзначае, што ў пачатку 2022 года Убіраеў “перажываў за сяброў, якія жывуць ва Украіне”, таму “звярнуўся да легіёна “Свабода Расіі”, якому пераслаў фота і відэа “некалькіх вайсковых аб’ектаў і парковак”.

Сцвярджаецца, што пазней “куратар прапанаваў Убіраеву змясціць пад чыйсьці аўтамабіль нейкую прыладу, намякнуўшы на яе выбухованебяспечны характар”. Мужчына адмовіўся выконваць гэтае заданне, пасля чаго нібыта пачаў атрымліваць пагрозы. Пасля гэтага ён з жонкай пакінуў Расію і выехаў у Арменію.

У гэтай краіне, як паведамляецца, расіянін “беспаспяхова спрабаваў атрымаць замежны пашпарт, а праз 180 дзён быў вымушаны здзейсніць візаран” для далейшага легальнага пражывання ў Ерэване. Трэцяй краінай для гэтага ён абраў Беларусь, куды прыбыў у снежні 2024 года. Затрыманы быў у мінскім аэрапорце.

Цяпер Убіраеў знаходзіцца ў СІЗА Екацярынбурга (РФ). Яму інкрымінаваны “ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі”, мужчыну пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Падзяліцца: