Мінск 22:59

У Салігорску гарэла СТА, знішчаны дах плошчай 800 квадратных метраў

18 лютага, Позірк. Аб пажары на станцыі тэхабслугоўвання аўтамабіляў у Салігорску (Мінская вобласць) паведамляецца ў сутачнай зводцы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Узгаранне адбылося 17 лютага ў аднапавярховым цагляным будынку па Любанскай шашы раённага цэнтра.

“У выніку пажару знішчаны дах на плошчы 800 квадратных метраў. Пашкоджаныя маёмасць, сцены, два легкавыя аўтамабілі, закураныя сцены і столь у памяшканнях”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пацярпелых няма, адзначае ведамства, прычына пажару высвятляецца.

За мінулыя 24 гадзіны ў Беларусі адбылося 35 пажараў (з пачатку года — 956; +23,2% да аналагічнага перыяду 2024-га, 776). Паводле звестак МНС, сёлета агонь забраў жыцці 119 чалавек (100; +19%).

За 2024 год агонь забраў жыцці 562 чалавек — на 7,3% больш, чым у 2023-м (524); траўмаваў 558 (+6,7%, 523).

На пасяджэнні калегіі МНС, якое прайшло 14 лютага, кіраўнік ведамства Вадзім Сіняўскі заявіў, што ў 2024 годзе ў Беларусі былі “забяспечаны бяспечныя ўмовы жыццядзейнасці насельніцтва, аператыўнае рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі і эфектыўная ліквідацыя іх наступстваў”.

Паводле чыноўніка, у выніку “сумеснай прафілактычнай работы” колькасць загінуўшых на пажарах у мінулым годзе “не перавысіла сярэднегадавы паказчык за апошнія пяць гадоў”. Разам з тым, канстатаваў Сіняўскі, меры, якія прымаюцца, не дазволілі захаваць дасягнутую ў 2022 і 2023 гадах дынаміку зніжэння колькасці пажараў і загінуўшых ад іх людзей.

Дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў: “У першую чаргу мяне хвалюе колькасць пажараў, якія адбываюцца ў нашай краіне. Можа быць, нават не па віне працы МНС, а па віне нашых грамадзян, якія неасцярожна абыходзяцца з агнём: гэта і парушэнне правілаў выкарыстання бытавой тэхнікі, гэта і курэнне, гэта і, на жаль, ужыванне алкаголю”.

Падзяліцца: