Мінск 18:50

Курс долара працягвае зніжацца, за дзве сесіі валюта патаннела на шэсць капеек

Ілюстрацыйнае фота: 8photo / freepik.com

26 лютага, Позірк. Амерыканская, агульная еўрапейская, а таксама кітайская валюты патаннелі на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 26 лютага 2025 года.

Каціроўка долара знізілася да 3,143 рубля (-0,03; -0,95%). Апошні раз ніжэй курс гэтай валюты быў па выніках таргоў 9 жніўня 2024 года — 3,1247. За апошнія дзве сесіі долар патаннеў на 2,02% (-0,0648 рубля).

Юань патаннеў да 4,3016 рубля за 10 (-0,0132; -0,31%), еўра — да 3,29 (-0,04; -1,2%)

Курс расійскага рубля вырас да 3,6105 за 100 (+0,02; +0,56%).

На мінулым працоўным тыдні (17–21 лютага) долар патаннеў на 1,72% (з 3,2633 да 3,2071 рубля), еўра — на 1,07% (з 3,3862 да 3,35), юань — на 1,68% (з 4,4364); расійскі рубель падаражэў на 0,78% (з 3,5393 да 3,5669 за 100).

На 1,73% (з 3,4735 да 3,4134 рублі) знізіўся афіцыйны курс долара ў Беларусі ў студзені. Гэта другі паказчык на тэрыторыі былога СССР, сведчыць праведзены “Позіркам” параўнальны аналіз каціровак цэнтрабанкаў на 31 снежня 2024 года і 31 студзеня 2025-га. На першым месцы Расія, дзе долар афіцыйна патаннеў на 3,61% (са 101,6797 да 98,0062 рубля).

Аналіз таксама паказаў, што афіцыйны курс долара ў Беларусі ў 2024 годзе вырас на 9,32% (з 3,1775 да 3,4735 рублі). Гэта чацвёрты паказчык на тэрыторыі былога СССР.

У 2023 годзе ў Беларусі было другое месца паводле росту афіцыйнага курсу долара (+16,12%), у 2022-м — трэцяе (+7,39%), у 2021-м — чацвёртае сярод краін на тэрыторыі былога СССР, дзе долар патаннеў (-1,19%), у 2020-м — першае месца.

Падзяліцца: