Мінск 19:13

У 2024 годзе падтрымана абвінавачанне ў “экстрэмісцкіх злачынствах” у дачыненні да больш як 1,5 тыс. чалавек — Швед

26 лютага, Позірк. Летась пракуроры падтрымалі дзяржаўнае абвінавачанне ў дачыненні да больш як 1,5 тыс. асоб, якія здзейснілі “экстрэмісцкія злачынствы”, апраўдальныя прыгаворы не выносіліся, паведаміў 26 лютага генеральны пракурор Андрэй Швед на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

“Колькасць экстрэмісцкіх злачынстваў працягвае скарачацца. У 2024 годзе іх здзейснена амаль у два разы менш”, — цытуе Шведа прэс-служба Генпракуратуры. Дзяржаўныя медыя са спасылкай на чыноўніка ўдакладняюць, што летась было ўчынена 1.256 дзеянняў, якія ўлады называюць “экстрэмісцкімі злачынствамі”, а ў 2023-м — 2.016.

Паводле даных Гепракуратуры, найбольшую долю складаюць злачынствы, здзейсненыя ў інтэрнэце.

Летась у рамках спецыяльнай вытворчасці ў суды накіраваныя крымінальныя справы ў дачыненні да 62 чалавекі. Швед адзначыў, што “гэтая мера звязана з завочным асуджэннем і прымусовымі мерамі ў дачыненні да маёмасці і з’яўляецца дзейсным фактарам стрымання”.

“На кантролі Генеральнай пракуратуры застаецца пытанне прыняцця мер па прыцягненні да крымінальнай адказнасці ўсіх асоб, якія здзейснілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці, пачынаючы з 2020 года”, — сказаў генпракурор.

Паводле даных Вярхоўнага суда, летась асуджана 31.410 чалавек. Калі дапусціць, што па ўсіх асобах, у дачыненні да якіх пракуроры падтрымалі абвінавачанне, вынесеныя выракі, то атрымаецца, што ў 2024 годзе колькасць асуджаных па “экстрэмісцкіх злачынствах” склала не менш як 4,78%.

Рэпрэсіі супраць беларусаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах у 2020 годзе, як і пераслед іншадумства ў сацыяльных сетках, не спыняецца ў Беларусі больш за чатыры з паловай года.

Падзяліцца: