Мінск 22:56

Лукашэнка зноў заявіў пра інфармацыйную вайну, у якой трэба “ісці наперад і перамагаць”

Крыніца: відэа з неафіцыйнага тэлеграм-канала прэс-службы Лукашэнкі / стоп-кадр: "Позірк"

3 сакавіка, Позірк. Ва ўмовах “цяперашняй інфармацыйнай вайны” Беларусі трэба “не адставаць, а ісці наперад і перамагаць”, таму што “іншага не дадзена”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 3 сакавіка, звяртаючыся да перапрызначанага міністра інфармацыі Марата Маркава.

“Сродкі масавай інфармацыі. Слухайце, ідзе вайна, — цытуюць спікера дзяржаўныя медыя. — Таму, пачынаючы ад прэс-сакратара і заканчваючы нашымі сродкамі масавай інфармацыі, ты ведаеш, што трэба рабіць. Сам там працуеш. І добра, што працуеш. Не ўцякаеш ад СМІ. Будзеш ведаць, чым жывуць, на сваёй, так бы мовіць, скуры спрабуеш, што гэта”.

Пасля прызначэнняў чыноўнікаў у сацыяльны блок урада Лукашэнка выказаўся пра тое, як трэба ставіцца да людзей, што працуюць у розных сферах, якія, на яго думку, “выступілі супраць дзяржавы”. Лукашэнка заявіў, што ў сацыяльнай сферы “такіх дастаткова”: “Яны ворагі фактычна нашай дзяржавы і сядзяць да пары да часу пад венікам”. “Гэтага быць не павінна”, — падкрэсліў ён.

“Мы перажылі з вамі гэты пэрыяд. Трэба ўмець дараваць. Трэба ўмець, калі гэта магчыма. Але калі чалавек парушыў, пераступіў закон, свядома гэта зрабіў, якое тут можа быць дараванне? Я гэта кажу ў гэтым коле таму, што як можна дараваць публічным людзям? Усе публічныя людзі — ахова здароўя, адукацыя, СМІ, культура, спорт. Усе публічныя. І калі вы парушылі недзе парадак, закон, калі вы выступалі супраць дзяржавы, гэта ж бачыў увесь народ. Вы — публічныя людзі”, — сказаў Лукашэнка.

Звяртаючыся да перапрызначанага міністра культуры Руслана Чарнецкага, спікер загадаў: “Калі ў цябе там ёсць нейкія хістанні <…>, трэба гэта спыніць”. “Ты — дзяржаўны чалавек. Яны мусяць быць такія, як ты. Вось і ўся размова”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Ад нанова прызначанага міністра адукацыі Андрэя Іванца Лукашэнка запатрабаваў “не спыняцца”. “Рабіце так, каб у школе было добра, парадак, каб школа была храмам. І ўступныя іспыты, каб яны былі нармальнымі і даступнымі для такіх, як мы некалі з вамі былі”, — даручыў ён.

Нанова прызначанаму кіраўніку Мінздароўя Аляксандру Хаджаеву Лукашэнка нагадаў пра тое, што па пытанні аховы здароўя “нараканняў — куча”. “Але вы ведаеце, чаму нараканні гэтыя ідуць”, — сказаў Лукашэнка.

“Бач ты, не той чалавек прыйшоў. Разумееце, не з той “хеўры”. Не будзе ніякіх там кланаў у ахове здароўя. Не будзе. Таму дзейнічайце. Калі вы будзеце павольна разварочвацца, вас будуць таптаць і аб вас выціраць ногі“, — сказаў Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што міністр прызначаны ім асабіста: “І ніхто не мае права ў вас камяні кідаць”.

Паводле яго слоў, новы віцэ-прэм’ер Уладзімір Каранік, які раней узначальваў Мінздароўя, павінен будзе дапамагчы Хаджаеву “разабрацца”. “[Але] ні ён, ні я вам не дапаможам і дапамагаць не будзем, калі вы не зможаце абараніць сябе і сваіх непасрэдных падначаленых”, — папярэдзіў спікер.

Пасля 2020 года Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра тое, што супраць Беларусі вядзецца “інфармацыйная вайна”, што краіна знаходзіцца “пад прыцэлам агрэсіўнай прапаганды”. Інфармацыйнай вайной Лукашэнку і яго падначаленыя звычайна называюць любую інтэрпрэтацыю падзей у Беларусі, якая не стасуецца з прапагандай.

У краіне практычна не засталося незалежных СМІ, большая частка з іх была разгромленая і вымушана працуе за мяжой. Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, за кратамі знаходзіцца 40 незалежных журналістаў.

Падзяліцца: