Мінск 12:36

Святар БПЦ: Сёння прапанаваць жанчыне вярнуцца да Kinder, Küche, Kirche — гэта з вобласці фантастыкі

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 6 сакавіка 2025 года ў 09:49

Протаіерэй Павел Сярдзюк
Стоп-кадр відэазапісу Дома прэсы: "Позірк"

5 сакавіка, Позірк. “Сёння прапанаваць жанчыне вярнуцца ў нейкія так званыя традыцыйныя формы яе становішча — Kinder, Küche, Kirche — гэта з вобласці фантастыкі“. Такое меркаванне выказаў настаяцель прыхода храма свяціцеля Мікалая Японскага ў Мінску, старшыня сінадальнага аддзела па пытаннях сям’і, абароны мацярынства і дзяцінства Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату протаіерэй Павел Сярдзюк на пасяджэнні круглага стала “Роля жанчын у сучасным свеце: ад мацярынства да служэння грамадству“, якое прайшло 5 сакавіка.

“ХХ стагоддзе паказала, што самарэалізацыі жанчына дамаглася выдатнай, — адзначыў святар. — Гэта крыху падобна на драму ў раі. Бо з дрэва спазнанняў дабра і зла спазнала жонка, Ева. І вось пытанне, які вынік, які плён гэтага смакавання былі, што набыла сапраўды і што сёння набывае жанчына ў гэтай ступені самарэалізацыі і свабоды. Тут мы заўсёды павінны прызнавацца, што ёсць перавагі і ёсць тое, што, напэўна, не хацелася б прымаць з такой ступенню свабоды, быць нароўні з мужчынам“.

На думку Сердзюка, жанчына хоча быць “шчаслівай, рэалізаванай і абароненай”.

“Мы можам сказаць сёння, і я як мужчына цалкам выразна пастулюю, што сучаснае беларускае грамадства — гэта феміннае грамадства. Пункт. І новыя магчымасці. Гэта мае вольныя інтэрпрэтацыі, але вось гэтая культура шматсотгадовая, падпарадкаванасць жанчыны — і магчымасць эмансіпацыі. Гэта такі магутны рух вызвалення, які прымаў розныя формы, у тым ліку і не зусім цывілізаваныя, і не ў нашым грамадстве. Агулам гэта татальнае жаданне вызваліцца ад мужчынскага прыгнёту”, — сказаў протаіерэй.

“Мы сёння зноў паднялі на шчыт традыцыйныя каштоўнасці, мы зноў гаворым аб шматдзетнасці як аб прымальнай мадэлі сямейнага ўладкавання“, — адзначыў прадстаўнік БПЦ МП. Аднак, з ягоных слоў, жанчыну, якая імкнецца да фінансавага і кар’ернага поспеху, вельмі складана прымусіць вярнуцца “вось туды, ва ўсё гэта традыцыйнае“. “І ў гэтым ёсць пэўны дысананс, з якім мы датыкаемся“, — канстатаваў святар.

Ён таксама назваў стэрэатыпным уяўленнем, што жанчыне, якая патрапіла на тэрыторыю праваслаўнага храма, варта “прыняць вельмі журботны выгляд, асунуўшыся твар, пра нешта доўга, нудна прасіць“.

Член пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Наталля Дзергач назвала “каласальнай“ ролю жанчыны ў “сучасным свеце“. “І няма той сферы дзейнасці, дзе б жанчына сёння ні ўдзельнічала, пачынаючы ад кіравання дзяржавай і заканчваючы ўсімі сферамі дзейнасці, якія толькі ёсць у нас у краіне“, — сказала спікер. У той жа час яна заявіла, што “ўсё ж такі асноўнае прызначэнне жанчыны — гэта працяг роду, нараджэнне дзіцяці і стварэнне сям’і“.

Сур’ёзнай праблемы няроўнасці жанчын і мужчын, на думку Дзергач, у краіне няма: “Я не магу сказаць сёння, што ў нас проста такая гендарная няроўнасць. Жанчыны працаздольнага ўзросту, паводле статыстычных звестак, занятыя ў эканоміцы амаль на 85%. Дзесьці, напэўна, такія моманты ўзнікаюць (абмяркоўвалася сітуацыя, калі працадаўца аддае перавагу мужчыну, а не жанчыну, абцяжараную дзіцем. — “Позірк”.), але тут вырашаецца з наймальнікам, безумоўна, і ў прыватным парадку. Тое, што ў Працоўным кодэксе прапісана, ні адзін наймальнік парушаць не мае права ні ў арганізацыях прыватнай формы ўласнасці, ні ў дзяржаўных“.

“У Працоўным кодэксе і іншых заканадаўчых актах прапісаны шэраг момантаў, калі наймальнік проста не мае права не прыняць, звольніць, не падоўжыць працоўную дамову, перавесці жанчыну на кантракт, скасаваць бестэрміновую дамову. Калі наймальнік гэта парушае, жанчына мае права звярнуцца ў суд і аднавіць сябе ў правах“, — падкрэсліла сябра ПП НС.

* Kinder, Küche, Kirche (die drei K, тры “К“) — састарэлы ў сучасным свеце нямецкі ўстойлівы выраз (“Дзеці, кухня, царква“), які апісвае ролю жанчыны ў кансерватыўным грамадстве. Цяпер у самой Германіі пад “трыма “К” часцей за ўсё разумеюцца Kinder, Küche, Karriere (“дзеці, кухня, кар’ера“).

Падзяліцца: