У Брэсцкай вобласці 8 красавіка правераць сістэму апавяшчэння, будуць гучаць сірэны

7 красавіка, Позірк. У Брэсцкай вобласці 8 красавіка правядуць “тэхнічную праверку сістэмы апавяшчэння насельніцтва з запускам электрасірэн”.
“Захоўвайце спакой! Ніякіх дзеянняў не патрабуецца!” — заклікала Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
30 студзеня і 20 сакавіка аналагічныя праверкі праводзіліся ў Гомельскай вобласці.
Пра прычыны такіх частых праверак сістэм апавяшчэння МНС не паведамляе. Разам з тым звяртае на сябе ўвагу той факт, што ў асноўным гэта адбываецца ў абласцях, якія мяжуюць з Украінай.
У паветраную прастору Гомельскай вобласці рэгулярна ўрываюцца беспілотныя лятучыя апараты, якія, як мяркуецца, належаць Расіі, што атакуе аб’екты на ўкраінскай тэрыторыі. У Беларусі зафіксавана некалькі выпадкаў падзення дронаў на будынкі.
Маштабнае адключэнне цеплазабеспячэння ў Мазыры (Гомельская вобласць) 27–28 лютага было звязана з падзеннем расійскага беспілотніка, паведамляла са спасылкай на свае крыніцы рэгіянальнае медыя “Флагшток”.
Сцвярджалася, што была пашкоджана адна з высакавольтных ліній электраперадачы: “Праз тое, што некарэктна спрацавала аўтаматычная сістэма абароны, аварыйна адключыліся і суседнія высакавольтныя лініі, цалкам абясточыўшы ЦЭЦ. Пасля некалькіх спробаў, станцыя была перазапушчаная, аднак узнікла новая бяда — аднак узнікла новая бяда — пуск цепланосбіта прывёў да гідраўдару ў сістэме трубаправодаў”.
У выніку “ў некалькіх месцах быў пашкоджаны магістральны трубаправод дыяметрам 700 міліметраў”.
Раней “Флагшток” паведамляў, што невядомы лятучы апарат уначы 27 лютага ўпаў на гаспадарчую пабудову ў Гомельскім раёне і выбухнуў, адбыўся пажар.
Разам з тым ані разу не паведамлялася, каб праз уварванне беспілотнікаў уключалі сірэны.
Летась 4 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прызнаў факты парушэння мяжы баявымі беспілотнікамі і заявіў, што беларускі бок іх збівае незалежна ад таго, украінскія яны ці расійскія.
Афіцыйныя ведамствы не каментуюць залёт расійскіх дронаў у Беларусь.
Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.
З пачатку вайны праверкі сістэмы апавяшчэння сістэматычна праходзяць, напрыклад, у Літве, Польшчы, Чэхіі. Для гэтага выкарыстоўваюцца рэпрадуктары на вуліцах, праз якія перадаецца паведамленне і гучыць сірэна.
У Беларусі планавая праверка сістэмы апавяшчэння прайшла 13 сакавіка. У эфіры FM-радыёстанцый транслявалася паведамленне: “Увага! Праводзіцца тэхнічная праверка сістэмы апавяшчэння. Тэхнічная праверка завершана”.
Летась штогадовая праверка аўтаматызаванай сістэмы цэнтралізаванага апавяшчэння (АСЦА) адбылася 21 сакавіка пры ўдзеле “суб’ектаў сістэмы абвесткі” — Белтэлерадыёкампаніі, тэлеканалаў АНТ і СТБ, кампаніі “Белтэлекам”.
АСЦА прызначаная для таго, каб інфармаваць жыхароў, органы ўлады, а таксама структуры сістэмы грамадзянскай абароны, папярэджання і ліквідацыі НС пра пагрозу або ўзнікненне надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, ход іх ліквідацыі, правілы паводзінаў насельніцтва ў гэтых умовах.
Звычайна сістэма запускае перадачу сігналу “Увага ўсім!” з дапамогай электрасірэн і сістэм гучнагаварыцельнай сувязі; маўленчай інфармацыі па гучнагаварыцелях; перахапляе сігналы тэле- і радыёканалаў (FM), якія вяшчаюць па ўсёй краіне, у абласных або раённых цэнтрах; уключае інфармацыйны бягучы радок у эфіры рэспубліканскіх тэлеканалаў; ініцыюе рассылку кароткіх паведамленняў з папярэджаннем абанентам сотавай сувязі.

- ПалітыкаЛябедзька: Пасля выбараў у ЗША беларускія групы ў абедзвюх палатах Кангрэса захаваюццаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваКолькасць заявак праз праграму "Адно акно" з 2023 года вырасла больш чым у 5 разоў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаДКНТ найбольш цесна супрацоўнічае з шасцю краінамі, уключаючы Манголію і Узбекістан (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваВялікая палата ЕСПЧ вынесе рашэнні па трох справах аб выправаджэнні мігрантаў на мяжы Беларусі з ЕСМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- ГрамадстваКолькасць заяў у "Адно акно" паводле экстэрытарыяльнага прынцыпу ў 2026 годзе вырасла на 61% — Мінюст (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка