Мінск 17:27

Журналістка Андрэева паведаміла пра новую крымінальную справу супраць яе, бацькоў выклікаюць у СК

Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш
Архіўнае фота: сацсеткі

4 лістапада, Позірк. Беларуская журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава), якая ў сакавіку 2026 года выйшла на волю і была прымусова вывезеная ў Літву, 4 лістапада паведаміла пра новую крымінальную справу супраць сябе.

“Пакуль я падпісвала лісты (верагодна, ліст часткі былых палітвязняў з заклікам да Еўропы далучыцца да ЗША ў змаганні за вызваленне тых, хто застаецца за кратамі. — «Позірк».) — на любімай Радзіме таксама штосьці падпісвалі. Маму і тату заўтра выклікаюць у СК: новая крымінальная справа супраць мяне”, — напісала журналістка.

Андрэева была затрыманая 15 лістапада 2020 года разам з аператарам Дар’яй Чульцовай. Журналісткі тэлеканала “Белсат” вялі эфір з мінскай “плошчы Перамен” (двор на мінскай вуліцы Чарвякова), дзе сілавікі разганялі акцыю памяці Рамана Бандарэнкі, які памёр пасля збіцця за тры дні да гэтага.

У лютым 2021 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў Андрэеву і Чульцову вінаватымі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і прызначыў два гады пазбаўлення волі.

У красавіку 2022 года стала вядома, што на Андрэеву была заведзеная яшчэ адна крымінальная справа — паводле арт. 356 КК (здрада дзяржаве).

У ліпені таго ж года Гомельскі абласны суд у закрытым рэжыме прыгаварыў яе да 8 гадоў пазбаўлення волі. Такім чынам, агульны тэрмін зняволення журналісткі склаў 8 гадоў і 3 месяцы.

Муж Андрэевай, журналіст і палітычны аналітык Ігар Ільяш, таксама неаднаразова сутыкаўся з пераследам. У лістападзе 2020 года ён атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. У ліпені 2021 года яго затрымалі ў межах крымінальнай справы, але праз 10 дзён вызвалілі.

22 кастрычніка 2024 года Ільяша затрымалі зноў. У верасні 2025 года Мінскі гарадскі суд прызначыў яму 4 гады пазбаўлення волі паводле абвінавачанняў у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 3691 КК) і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 3614).

Падставай для пераследу сталі, у прыватнасці, яго інтэрв’ю незалежным беларускім і замежным СМІ. Ільяш віны не прызнаў.

19 сакавіка 2026 года Андрэеву вызвалілі пасля чарговай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. Разам з яшчэ 14 палітвязнямі журналістку прымусова вывезлі ў Літву. 235 чалавек з гэтай групы вызваленых засталіся ў Беларусі.

Ігар Ільяш застаецца ў зняволенні, журналістка заявіла, што будзе дамагацца ягонага вызвалення.

Джон Коўл адзначаў, што над вызваленнем Ільяша “працуюць”.

Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, трансгранічныя рэпрэсіі закранулі не менш за 100 супрацоўнікаў СМІ, якія эмігравалі з-за пагрозы палітычнага пераследу.

Падзяліцца: