Мінск 11:53

З 2020 года больш за 2 тыс. жанчын падвергнуліся ў Беларусі палітычна матываванаму крымінальнаму пераследу — “Вясна”

Фота: pixabay.com

25 лістапада, Позірк. Не менш за 2.126 жанчын сталі фігуранткамі палітычна матываваных крымінальных спраў у Беларусі з 2020 года, мінімум 115 з іх застаюцца за кратамі ў статусе палітзняволеных, паведаміў праваабарончы цэнтр “Вясна” з нагоды Міжнароднага дня барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненні да жанчын (адзначаецца 25 лістапада).

Сярод жанчын, якія знаходзяцца ў зняволенні, 19 пенсіянерак, мінімум 13 палітзняволеных маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем.

За апошнія месяцы стала вядома пра анкалагічныя захворванні ў двух палітзняволеных — Аксаны Шаляпінай і Таццяны Колас. Абедзве па-ранейшаму знаходзяцца за кратамі.

Праваабаронцы звяртаюць увагу на стан здароўя Вольгі Маёравай (прысуджаная да 21,5 года зняволення), якая рызыкуе цалкам страціць зрок, і 71-гадовай Ірыны Мельхер (17 гадоў). Абедзве жанчыны знаходзяцца ў няволі амаль шэсць гадоў, асуджаныя ў рамках “справы Аўтуховіча”. Паводле інфармацыі “Вясны”, яны не атрымліваюць неабходнай медыцынскай дапамогі.

Канстатуецца, што з пачатку 2025 года пры садзейнічанні ЗША 56 жанчын былі памілаваныя і прымусова выправаджаныя з Беларусі.

“Сведчанні былых палітвязняў паказваюць, што жорсткае абыходжанне ў беларускіх месцах зняволення не абмяжоўваецца асобнымі выпадкамі фізічнага гвалту. Жанчыны распавядаюць аб сістэматычным псіхалагічным ціску, зневажальных пакараннях, працяглым утрыманні ў ШІЗА і карцэрах, небяспечных умовах утрымання і прымусовай фізічнай працы”, — адзначаюць праваабаронцы.

Вызваленая 13 снежня 2025 года Вікторыя Кульша паведаміла, што ў папраўчай калоніі № 24 у Зарэччы (Рэчыцкі раён Гомельскай вобласці) агулам правяла ў штрафным ізалятары больш за год. Паводле яе слоў, супрацоўнік калоніі Дзяніс Ніканенка неаднаразова ўжываў да яе фізічную сілу.

“Пасля таго, што адбывалася са мной у ПК № 24, наступствы я адчуваю дагэтуль. Перажыты гвалт ледзь не зрабіў мяне інвалідам”, — заявіла былая палітзняволеная.

Паводле сведчанняў былых зняволеных гомельская папраўчай калоніі № 4, жанчын прымушаюць выконваць цяжкія будаўнічыя працы, у тым ліку пераносіць бетон, асфальт і іншыя будматэрыялы. У якасці пакарання за дробныя правіннасці практыкуецца змяшчэнне асуджаных у так званую “клетку ганьбы” навідавоку ў іншых зняволеных.

Праваабаронцы адзначаюць, што на фоне ўзмацнення рэпрэсій з 2020 года жанчыны, якія сутыкаюцца з гвалтам у Беларусі, паступова пазбавіліся незалежнай абароны і падтрымкі.

Улады ліквідавалі практычна ўсе недзяржаўныя арганізацыі, якія займаліся абаронай правоў жанчын і аказаннем дапамогі пацярпелым ад хатняга гвалту, у тым ліку арганізацыі “Радзіслава”, “Гендэрныя перспектывы” і цэнтр “Яе правы”. Праект Girl Power Bel прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Паводле слоў адной з былых палітзняволеных, умовы ўтрымання жанчын у гомельскай калоніі з кожным годам становяцца ўсё больш суровымі.

“Сістэма вельмі жорсткая да жанчын. І “Год жанчыны” (Аляксандр Лукашэнка абвясціў 2026-ы Годам беларускай жанчыны. — “Позірк”.) не зможа зрабіць гэтыя ўмовы лепшымі. Як паказвае практыка, тэндэнцыя ідзе толькі да ўзмацнення жорсткасці”, — цытуе яе “Вясна”.

Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын заснаваны Генеральнай Асамблеяй ААН у 1999 годзе. Дата 25 лістапада абраная ў памяць аб трох сёстрах Мірабаль, забітых у 1960 годзе ў Дамініканскай Рэспубліцы па загадзе дыктатара Рафаэля Трухільё.

Штогод з 25 лістапада па 10 снежня (Дзень правоў чалавека) пры падтрымцы ААН праводзіцца міжнародная кампанія “16 дзён актыўных дзеянняў супраць гендарнага гвалту”, ініцыяваная праваабаронцамі ў 1991 годзе.

Падзяліцца: