Мінск 20:42

У Салігорску затрыманы кіроўца без правоў з 2,4 праміле алкаголю ў крыві

Відэа: ДАІ Мінскай вобласці / стоп-кадр: "Позірк"

24 лістапада, Позірк. Пра затрыманне ў Салігорску нецвярозага кіроўцы паведамляе Дзяржаўтаінспекцыя Мінскай вобласці.

30-гадовы мужчына кіраваў аўтамабілем “Renault Kaptur”, супрацоўнікі ДАІ высветлілі, што ён не мае пасведчання кіроўцы (ніколі яго не атрымліваў), таксама ў яго “прысутнічалі відавочныя прыкметы стану алкагольнага ап’янення”, гаворыцца ў паведамленні.

Агляд паказаў, што ў крыві мужчыны было 2,4 праміле алкаголю.

Мужчына адхілены ад кіравання, аўтамабіль змешчаны на ахоўную стаянку.

У дачыненні да кіроўцы складзеныя адміністрацыйныя пратаколы паводле ч. 1 арт. 18.14 (кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае права кіравання; караецца штрафам ад 5 да 20 базавых велічынь), ч. 2 арт. 18.15 (кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення; 200 базавых велічынь) КаАП.

23 лістапада ДАІ паведамляла пра затрыманне п’янага бяспраўніка ў аграгарадку Самахвалавічы (Мінскі раён).

22 лістапада Дзяржаўтаінспекцыя Віцебскай вобласці паведамляла пра затрыманне ў Оршы 19-гадовага кіроўцы: у мужчыны было ў крыві 0,56 праміле, і ён не меў праў.

17 лістапада паведамлялася пра затрыманне ў Вілейскім раёне (Мінская вобласць) 68-гадовай мясцовай жыхаркі, якая кіравала аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення.

Паводле інфармацыі МУС, з 12 да 22 лістапада супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі было затрымана 302 нецвярозых кіроўцы, спынена 1.220 выпадкаў кіравання транспартам кіроўцамі, якія не мелі на гэта права.

Падзяліцца: