Мінск 19:42

Вальфовіч абвінаваціў “дэструктыўныя сілы” ў намеры зрынуць уладу ў Беларусі ваенным шляхам

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Мінабароны

24 лістапада, Позірк. “Напружанымі” і “нестабільнымі” назваў ваенна-палітычныя падзеі вакол Беларусі дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч 24 лістапада падчас адкрыцця камандна-штабных вучэнняў Міністэрства ўнутраных спраў.

“Дэструктыўныя сілы, на жаль, не пакідаюць спроб дэстабілізаваць абстаноўку на тэрыторыі нашай краіны, з дапамогай розных прыёмаў, у прыватнасці мяккай сілы, спрабуюць вярнуцца ў рэспубліку і зрабіць усё магчымае для звяржэння ўлады, у тым ліку ваенным шляхам”, — цытуе чыноўніка прэс-служба МУС.

Вальфовіч заявіў, што беларускія сілавыя ведамствы гэта “ведаюць і бачаць” і прымаюць меры “для прадухілення падобных сцэнарыяў”.

“Асабліва такая праца праводзіцца ў структурах сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Практычна ўсімі спецпадраздзяленнямі ваеннай арганізацыі дзяржавы выпрацаваны цэлы комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на недапушчэнне такога развіцця падзей”, — падкрэсліў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Вальфовіч адзначыў, што вучэнні, якія стартуюць, закліканыя паказаць, наколькі органы забеспячэння нацыянальнай бяспекі “гатовыя да рэалізацыі практычных мерапрыемстваў па рэагаванні на акты тэрарызму, дзейнасць тэрарыстычных арганізацый, незаконных узброеных фарміраванняў”.

Раней у гэты дзень міністр унутраных спраў Іван Кубракоў на адкрыцці вучэнняў заявіў, што “масавыя беспарадкі або экстрэмісцкія праявы” могуць у Беларусі “ўспыхнуць раптоўна”, пры гэтым “трыгерам здольная стаць любая падзея”.

У 2026 годзе камандна-штабныя вучэнні МУС або ўнутраных войск, прысвечаныя ў тым ліку “спыненню масавых беспарадкаў”, прайшлі ў Брэсце (26 сакавіка), Віцебску (24 красавіка), Магілёве (27 траўня і 30 жніўня), Гродзенскай вобласці (29–30 ліпеня), Мінскай вобласці (26 жніўня), Баранавічах (Брэсцкая вобласць, 3 верасня). 8 верасня ўнутраныя войскі МУС трэніраваліся вызваляць закладнікаў і ліквідаваць дыверсантаў у Віцебскай вобласці.

Сярод іншага адпрацоўваліся “пратэстныя” сцэнарыі, імітаваліся выбухі і стрэлы, у якасці рэквізіту выкарыстоўваліся падпаленыя шыны.

Палітычныя рэпрэсіі, якія рэжым Аляксандра Лукашэнкі разгарнуў пасля жорсткага падаўлення пратэстаў, выкліканых фальсіфікацыяй выбараў у жніўні 2020 года і жорсткасцю сілавікоў, не спыняюцца дагэтуль.

У выніку дзеянняў супрацоўнікаў сілавых органаў загінулі ўдзельнікі пратэстаў Аляксандр Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў (абодва застрэленыя), Раман Бандарэнка, Аляксандр Віхор і інш. Адказнасці за гэта ніхто не панёс.

Актыўнасць пратэстоўцаў у большасці выпадкаў была расцэненая ўладамі як “масавыя беспарадкі”, хоць такімі не з’яўлялася.

Падзяліцца: