Мінск 18:14

Мясцовыя органы ўлады атрымалі права праводзіць зборы народнага апалчэння — указ Лукашэнкі

Архіўнае фота: Мінабароны

24 лістапада, Позірк. Указ “Аб зборах” падпісаў 24 лістапада Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Як адзначаецца, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам улады даецца права праводзіць штогадовыя навучальныя (праверачныя) зборы працягласцю да 25 дзён з грамадзянамі, якія з’яўляюцца “добраахвотнікамі народнага апалчэння”.

“Указ змяшчае нормы аб наданні названай групе асоб статусу вайскоўцаў і адпаведных сацыяльных гарантый пры правядзенні навучальных (праверачных) збораў, як гэта прадугледжана для ваеннаабавязаных, якія прыцягваюцца на ваенныя зборы”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Некалькі парадаў” па падрыхтоўцы атрадаў народнага апалчэння даў Лукашэнка, наведваючы 16 кастрычніка Верхнядзвінскі раён (Віцебская вобласць, мяжуе з Латвіяй і Расіяй).

“Галоўнае — гэта нават не стральба. Галоўнае — гэта фізічная падрыхтоўка. Вы павінны навучыцца ўхіляцца ад кулі”, — заявіў палітык.

“Ствараючы гэтую структуру, я меў на ўвазе, што ў кожным сельсавеце павінен быць атрад народнага апалчэння. Гэта ядро. У выпадку ваенных дзеянняў гэта ядро можа пашырацца. База, на якой ствараецца народнае апалчэнне, — гэта сельскі савет. Узбраенне для вас падрыхтавана. Гэта справа вайскоўцаў. Аўтамат, гранаты, кулямёт вы будзеце мець. А тут яшчэ БПЛА. Гэта добра, што вы асвоілі беспілотнікі”, — сказаў ён.

У чэрвені 2022 года, праз 3,5 месяца пасля пачатку расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, Лукашэнка заявіў, што з улікам “негатыўнага ўкраінскага досведу” прыняў рашэнне “на ўсялякі выпадак пры кожным сельскім савеце мець вось гэта — назваў я яго — народнае апалчэнне, гэтую групку людзей”. “Гэта будзе няшмат. Ну, можа, 50 чалавек. Але яны таксама павінны мець сваю зброю недзе на складзе. Мы іх прызываем для навучання — яны ўзялі свой аўтамат (гэта ў асноўным аўтамат, гранатамёт, пісталет; што, яны на танках будуць ездзіць? не), каб маглі абараніць свой дом”, — сказаў палітык.

У выпадку ваенных дзеянняў, заяўляў ён, атрады народнага апалчэння могуць трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзервам для тэрытарыяльнай абароны.

Ваенная падрыхтоўка ў Беларусі ў 2026 годзе набыла практычна бесперапынны характар. Паводле падлікаў “Позірка”, ад пачатку года да восені прайшло каля двух дзясяткаў буйных мерапрыемстваў, звязаных з вучэннямі, зборамі тэрытарыяльнай абароны і праверкамі баягатоўнасці. Да сярэдзіны лета на розныя зборы прызвалі больш за 9.400 ваеннаабавязаных з запасу. У траўні Беларусь сумесна з Расіяй таксама правяла трэніроўку па кіраванні стратэгічнымі і тактычнымі ядзернымі сіламі.

Падзяліцца: