Мінск 11:27

У Гомельскім раёне патануў рыбак — выпаў з лодкі і заблытаўся ў сетках

Фота: ТРВОД

25 лістапада, Позірк. Пра ўтапленне ў Гомельскім раёне мужчыны 1957 года нараджэння паведамляе Рэспубліканскае таварыства ратавання на водах (ТРВОД).

Інфармацыя пра інцыдэнт паступіла ў ТРВОД 24 лістапада. Як было ўстаноўлена, мужчына патануў у ручаі Масцішча (упадае ў пойму ракі Сож) паблізу пасёлка Паляна.

Паводле папярэдняй інфармацыі, загінулы рыбачыў на надзіманай лодцы, адзначаецца, што “ў нейкі момант пенсіянер упаў у ваду і заблытаўся ў сетках, выбрацца на паверхню не змог”.

Пры гэтым, як паведамляецца, ён знаходзіўся без ратавальнай камізэлькі.

Іншыя абставіны здарэння высвятляюцца.

Як паведамлялася, у купальны сезон 2026 года (з траўня да верасня) у Беларусі патанула 145 чалавек — на пяць менш (-3%), чым летась. Найбольш людзей загінула пры падзенні ў ваду — 57. Пры купанні — 51.

Згодна з данымі МНС, за пяць гадоў (2021–2025) у беларускіх вадаёмах патанула 1.984 чалавекі, у тым ліку 132 дзіцяці. Асобна ў 2025-м — 282 (12).

Падзяліцца: