У Віцебскай вобласці праводзіцца праверка дзейнасці народнага апалчэння
25 лістапада, Позірк. У Віцебскай вобласці праводзіцца “праверка сістэмы фармавання і падрыхтоўкі народнага апалчэння”, паведамляе прэс-служба рэгіёну.
Падкрэсліваецца, што праверка праходзіць па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі.
Дарадца Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Сяргей Купрык перадаў старшыні Віцебскага аблвыканкама Паўлу Муравейку пакет з адпаведным задачамі, гаворыцца ў паведамленні.
Муравейка быў прызначаны на пасаду старшыні Віцебскага аблвыканкама 16 лістапада. Адметна, што ўсяго паўтара месяца таму, 28 верасня, ён быў пераведзены з пасады начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл — першага намесніка міністра абароны на пазіцыю намесніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.
Даючы пажаданне, Лукашэнка адзначыў, што Віцебская вобласць — гэта “не толькі сельская гаспадарка, гэта і прамысловасць”. “А сёння ўжо вялікі складнік вайсковы: народнае апалчэнне, тэрытарыяльныя органы, ды і вайсковыя падраздзяленні, там і сілы спецыяльных аперацый, ёсць і брыгады Міністэрства ўнутраных спраў — то-бок людзей у пагонах там нямала. Час неспакойны, сур’ёзны”, — патлумачыў ён.
Напярэдадні Лукашэнка падпісаў указ “Аб зборах”, якім мясцовым выканаўчым і распарадчым органам улады даецца права праводзіць штогадовыя навучальныя (праверачныя) зборы працягласцю да 25 дзён з грамадзянамі, якія з’яўляюцца “добраахвотнікамі народнага апалчэння”.
“Некалькі парадаў” па падрыхтоўцы атрадаў народнага апалчэння даў Лукашэнка, наведваючы 16 кастрычніка Верхнядзвінскі раён (Віцебская вобласць).
“Галоўнае — гэта нават не стральба. Галоўнае — гэта фізічная падрыхтоўка. Вы павінны навучыцца ўхіляцца ад кулі”, — заявіў палітык.
У чэрвені 2022 года, праз 3,5 месяца пасля пачатку расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, Лукашэнка заявіў, што з улікам “негатыўнага ўкраінскага досведу” прыняў рашэнне “на ўсялякі выпадак пры кожным сельскім савеце мець вось гэта — назваў я яго — народнае апалчэнне, гэтую групку людзей”. “Гэта будзе няшмат. Ну, можа, 50 чалавек. Але яны таксама павінны мець сваю зброю недзе на складзе. Мы іх прызываем для навучання — яны ўзялі свой аўтамат (гэта ў асноўным аўтамат, гранатамёт, пісталет; што, яны на танках будуць ездзіць? не), каб маглі абараніць свой дом”, — сказаў палітык.
У выпадку ваенных дзеянняў, заяўляў ён, атрады народнага апалчэння могуць трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзервам для тэрытарыяльнай абароны.
Ваенная падрыхтоўка ў Беларусі ў 2026 годзе набыла практычна бесперапынны характар. Паводле падлікаў “Позірка”, ад пачатку года да восені прайшло каля двух дзясяткаў буйных мерапрыемстваў, звязаных з вучэннямі, зборамі тэрытарыяльнай абароны і праверкамі баягатоўнасці. Да сярэдзіны лета на розныя зборы прызвалі больш за 9.400 ваеннаабавязаных з запасу. У траўні Беларусь сумесна з Расіяй таксама правяла трэніроўку па кіраванні стратэгічнымі і тактычнымі ядзернымі сіламі.
Віцебская вобласць размешчана на паўночным усходзе Беларусі. На ўсходзе яна мяжуе са Смаленскай, на поўначы — з Пскоўскай абласцямі Расіі, на паўночным захадзе — з Латвіяй, на захадзе — з Літвой.
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка



