Мінск 19:59

У кастрычніку 2026-га ў Беларусі рэалізавана на 2% больш новых легкавых аўтамабіляў, чым годам раней

4 лістапада, Позірк. У кастрычніку 2026 года ў Беларусі рэалізавана каля 10 тыс. новых легкавых аўтамабіляў — на 2% больш, чым у верасні, адзначае Беларуская аўтамабільная асацыяцыя, не прыводзячы дакладную лічбу.

Раней БАА паведамляла, што ў верасні было прададзена 9,7 тыс. новых легкавых аўтамабіляў. Такім чынам, можна зрабіць выснову, што рэалізацыя ў кастрычніку склала 9,89 тыс.

У гадавым вымярэнні, сцвярджае асацыяцыя, рынак “працягвае дэманстраваць высокі рост: у параўнанні з кастрычнікам 2025-га аб’ем продажаў павялічыўся на 49%”.

Умераны рост, адзначаюць эксперты, у параўнанні з вераснем прадэманстравалі адразу некалькі брэндаў — Belgee, Geely, Lada, Haval і Avatr.

На думку БАА, такая дынаміка сведчыць аб “стабілізацыі рынку новых легкавых аўтамабіляў на дасягнутым высокім узроўні“.

У кастрычніку было рэалізавана каля 3,4 тыс. электрамабіляў, што на 0,8% больш, чым у верасні.

“Асаблівую цікавасць уяўляе дынаміка імпарту электрамабіляў пасля заканчэння квот на іх бязмытны ўвоз, — звяртае ўвагу асацыяцыя. — У кастрычніку сукупны імпарт электрамабіляў юрыдычнымі і фізічнымі асобамі склаў каля 2,5 тыс. аўтамабіляў. Прыкладна дзве траціны гэтага аб’ёму прыпала на юрыдычных асобаў і каля адной траціны — на фізічных асобаў. У параўнанні з вераснем сукупны імпарт электрамабіляў знізіўся на 21%, што было чакана пасля змены ўмоў увозу“.

Кастрычнік паказаў стабілізацыю рынку новых легкавых аўтамабіляў Беларусі пасля перыяду прыкметных месячных ваганняў.

Каментуючы статыстычныя паказчыкі, сябра праўлення БАА Уладзіслаў Туркін адзначыў сайту арганізацыі, што “кастрычнік атрымаўся знакавым месяцам для рынку новых легкавых аўтамабіляў”.

“Сукупныя продажы Belgee і Geely перавысілі мяжу ў 45 тыс. аўтамабіляў, што складае больш за 60% рынку. Dongfeng захоўвае аб’ёмы зборкі на ўзроўні звыш 800 аўтамабіляў у месяц. Haval таксама дэманструе рост —каля 150 аўтамабіляў”, — паведаміў спецыяліст.

Паводле яго слоў, працягваецца далейшы перакос рынку ў бок фізічных асобаў: “Аб якіх роўных умовах канкурэнцыі можна казаць, калі юрыдычная асоба — афіцыйны імпарцёр — выплачвае ўтылізацыйны збор за прэміяльны аўтамабіль у памеры больш за 100 тыс. рублёў, тады як фізічная асоба за аналагічны аўтамабіль выплачвае 625 рублёў? Менавіта таму асноўны аб’ём імпарту аўтамабіляў прэміяльнага сегмента сёння ідзе праз фізічных асобаў”.

Акрамя таго, адзначыў Туркін, значная частка дарагіх аўтамабіляў увозіцца з “выкарыстаннем ільготных катэгорый грамадзян, якія часцяком фактычна не з’яўляюцца канчатковымі карыстальнікамі гэтых аўтамабіляў“.

Агульны аб’ём аўтамабільнага рынку краіны ў 2025 годзе склаў 158,7 тыс. адзінак, паведаміў дырэктар УП “БАА-Кансалт“ (даччынае прадпрыемства Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі) Дзмітрый Ярота на прэс-канферэнцыі 28 студзеня.

Гэта ўсе аўтамабілі, пастаўленыя на ўлік, у тым ліку прададзеныя юрыдычнымі асобамі, патлумачыў ён.

За мінулы год рынак вырас на 14%, адзначыў Ярота.

Падзяліцца: