Мінск 02:28

Супрацоўнікі аховы атрымалі права даглядаць грамадзян у басейнах, гандлёвых цэнтрах, начных клубах

Ілюстрацыйнае фота: dir.by

6 сакавіка, Позірк. У Беларусі пашыраны пералік грамадскіх месцаў, дзе дапускаецца асабісты дагляд грамадзян, іх рэчаў, дакументаў і транспартных сродкаў. Адпаведны ўказ падпісаў 6 сакавіка Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

У пералік такіх месцаў, згодна з дакументам, уключаныя фізкультурна-спартыўныя збудаванні, гандлёвыя цэнтры, аб’екты культурнай інфраструктуры.

Таксама супрацоўнікі ведамаснай аховы атрымліваюць права на дагляд грамадзян у арганізацыях, якія “арганізуюць на пастаяннай аснове правядзенне дыскатэк, працу культурна-забаўляльных (начных) клубаў”.

Акрамя гэтага, указам “вызначаны пералік аб’ектаў, якія падлягаюць абсталяванню ручнымі сістэмамі трывожнай сігналізацыі, прыём сігналаў якіх ажыццяўляецца Дэпартаментам аховы МУС”. У яго ўключаныя “аэрапорты, аўтобусныя і чыгуначныя вакзалы, установы адукацыі, гандлёвыя цэнтры, рынкі, аквапаркі, шматфункцыянальныя будынкі, а таксама спартыўна-відовішчныя збудаванні, аб’екты культурнай інфраструктуры, установы аховы здароўя і дзяржаўныя ўстановы сацыяльнага абслугоўвання з колькасцю пасадачных і ложка-месцаў ад 300 і больш, іншыя крытычна важныя аб’екты”.

Дакументам таксама “вызначаецца парадак выдачы і прыёму зброі і боепрыпасаў работнікам службы інкасацыі”, гаворыцца ў паведамленні.

Заяўляецца, што ўказ “накіраваны на павышэнне эфектыўнасці мер па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі ў месцах масавага знаходжання грамадзян, у тым ліку пры правядзенні культурных, спартыўных і іншых відовішчных мерапрыемстваў”.

Падзяліцца: