Мінск 23:24

Ціханоўская: Спыненне рэпрэсій, вызваленне палітвязняў, пакаранне вінаватых — неабходны крок да нацыянальнага дыялогу

Акцыя ў падтрымку палітвязняў ля амбасады Беларусі ў Вільнюсе (9 сакавіка 2025 года)
Фота: "Позірк"

9 сакавіка, Позірк. Практыка “інкамунікада”, якую рэжым Аляксандра Лукашэнкі прымяняе ў дачыненні да палітзняволеных, з’яўляецца парушэннем Канвенцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый супраць катаванняў і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на акцыі ў падтрымку вязняў 9 сакавіка ля беларускай амбасады ў Вільнюсе.

Паводле яе слоў, ААН кваліфікуе “інкамунікада” як гвалтоўнае знікненне, гэтая практыка “павінна быць спыненая раз і назаўжды”.

“Амаль пяць гадоў таму рэжым узяў у закладнікі майго мужа Сяргея Ціханоўскага — за тое, што ён называў рэчы сваімі імёнамі, паказваў, як жывуць беларусы і даваў ім слова, заклікаў беларусаў будаваць краіну для жыцця, — сказала палітык. — Рэжым назваў гэта злачынствам і пасадзіў Сяргея ў турму — разам з тысячамі беларусаў, якія выйшлі на вуліцы, каб абараняць свой выбар, свабоду і дэмакратыю”.

“Роўна два гады таму з Сяргеем перарваўся любы кантакт. З 9 сакавіка 2023 года мы не атрымлівалі ўвогуле ніякіх навін ад Сяргея, да яго больш не пускаюць адваката. Рэжым, які абвяшчае нас, людзей, “тэрарыстамі” і “экстрэмістамі”, сам паводзіць сябе, як тэрарыст. Вельмі цяжка прачынацца кожны дзень і ня ведаць, ці жывы твой муж, у якім фізічным і псіхалагічным стане ён знаходзіцца. Невядомасць — гэта найгоршае катаванне для нас, яго родных”, — дадала яна.

Апрача Ціханоўскага ў рэжыме “інкамунікада”, паводле інфармацыі дэмлідара, утрымліваюць яшчэ сама меней восем чалавек: Аляксандра Францкевіча, Уладзіміра Кнігу, Ігара Лосіка, Андрэя Навіцкага, Мікалая Статкевіча, Максіма Знака, Мікалая Банькова і Віктара Бабарыку.

“Мы звярнуліся да вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і генеральнага сакратара ААН з заклікам зрабіць неадкладныя захады, каб спыніць практыку “інкамунікада” і іншыя злачынствы супраць чалавечнасці, — сказала Ціханоўская. — Злачынствы супраць чалавечнасці — менавіта так кваліфікуе рэпрэсіі ў Беларусі апошні даклад ААН, які будзе прадстаўлены ў Жэневе ў гэтым месяцы”.

Дэмакратычныя сілы, адзначыла яна, вітаюць заяву спецдакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі “з патрабаваннем паведаміць пра лёс і месцазнаходжанне Сяргея Ціханоўскага”.

“Мы патрабуем дапусціць да ўсіх палітвязняў, якіх утрымліваюць [у рэжыме] “інкамунікада” адвакатаў і праваабаронцаў, а таксама іх сем’і. Любыя рэпрэсіі павінны быць спыненыя, палітвязні павінны быць вызваленыя, вінаватыя ў злачынствах павінны панесці адказнасць. Гэта неабходны крок да пачатку нацыянальнага дыялогу і дээскалацыі”, — заявіла палітык.

На 9 сакавіка беларуская праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі 1.219 чалавек, аднак насамрэч людзей, якія зазналі рэпрэсіі ў той ці іншай форме, значна больш.

Падзяліцца: