Мінск 05:33

Перамовы Пуціна і Лукашэнкі на гэтым тыдні чакаюцца “вельмі субстантыўнымі” — Пяскоў

Лукашэнка і Пуцін на палях саміта ШАС у Астане (3 ліпеня 2024 года)
Фота: тэлеграм-канал "Пул первого"

11 сакавіка, Позірк. Чакаецца, што перамовы прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі на гэтым тыдні будуць “вельмі субстантыўнымі”, заявіў 11 сакавіка журналістам прэс-сакратар расійскага лідара Дзмітрый Пяскоў.

“Аляксандр Рыгоравіч заўсёды жаданы госць у нашай краіне”, — цытуе спікера агенцтва ТАСС. Пяскоў адзначыў, што візіт будзе афіцыйным, а па выніках перамоў суразмоўцы правядуць прэс-канферэнцыю.

Не выключана, што падчас візіту Лукашэнкі ў РФ адбудзецца абмен ратыфікацыйнымі граматамі дамовы аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы, адразу пасля якой пагадненне набудзе моц. Расія завяршыла ратыфікацыйную працэдуру 28 лютага, Беларусь — 4 сакавіка.

Лукашэнка і Пуцін падпісалі дамову аб гарантыях бяспекі 6 снежня 2024 года ў Мінску ў рамках пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Прэзідэнт РФ тады заявіў, што дакумент “вызначае ўзаемныя саюзніцкія абавязацельствы па забеспячэнні абароны, абарону суверэнітэту, незалежнасці і канстытуцыйнага ладу” дзвюх краін. Паводле яго слоў, таксама гаворка ідзе пра “цэласнасць і недатыкальнасць тэрыторыі і знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы, прычым з задзейнічаннем усіх існых сіл і сродкаў”.

Паводле інфармацыі прэс-службы Лукашэнкі, у дакуменце замацаваныя “ўзаемныя гарантыі па ажыццяўленні неабходных мер у выпадку замахаў на бяспеку Беларусі і Расіі, а таксама Саюзнай дзяржавы ў цэлым”. Пры гэтым выкананне абавязацельстваў “прадугледжвае калектыўнае процідзеянне аднабаковым абмежавальным мерам эканамічнага і іншага характару, выкарыстанне бакамі патэнцыялу сваіх стасункаў з іншымі дзяржавамі і іншымі суб’ектамі міжнароднага права для прадухілення замахаў на бяспеку, прыняцце мер у адказ не толькі на здзейсненыя акты агрэсіі, але і на пагрозы іх здзяйснення, а таксама неадкладнае прадастаўленне неабходнай вайсковай, вайскова-тэхнічнай і іншай дапамогі”.

10 сакавіка прэс-служба беларускага палітыка паведаміла, што ім ухвалены ў якасці асновы для перамоў праект пагаднення з Расіяй аб узаемнай абароне грамадзян ад “неабгрунтаванага пераследу замежнымі дзяржавамі і міжнароднымі органамі юстыцыі”.

“Прадметам гэтага міжнароднага дагавора з’яўляецца абарона грамадзян, у тым ліку дзейных або былых службовых асоб, ад неабгрунтаванага пераследу трэцімі бакамі з улікам тэндэнцыі па палітызацыі міжнародных судовых органаў і іншых міжнародных механізмаў крымінальнай юстыцыі”, — гаварылася ў паведамленні.

Падзяліцца: