Мінск 15:30

Пяць дзён запар у Беларусі фіксуюцца гістарычныя рэкорды цяпла

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

11 сакавіка, Позірк. Пяць дзён запар у Беларусі абнаўляюцца гістарычныя максімумы тэмператур за ўвесь перыяд інструментальных метэаназіранняў (з 1881 года), вынікае з праведзенага “Позіркам” параўнання аператыўных і архіўных даных Белгідрамета.

10 сакавіка ў Драгічыне паветра прагрэлася да 20,4 градуса. Перапісаны рэкорд дня паўвекавой даўнасці (17,6 градуса ў 1975 годзе ў Брэсце). У самім Брэсце таксама новы лакальны максімум — 19,5.

6 сакавіка абсалютны рэкорд дня быў перавышаны на 2,7 градуса (19,7 у Самахвалавічах супраць 17 у 1995 годзе ў Брэсце), 7-га — на 2,1 (19,4 у Лельчыцах супраць 17,3 таксама ў 1995-м у Гомелі), 8-га — на 2,6 (19,6 у Пінску супраць 17 у 2019-м у Брагіне), 9-га — на 3,8 (19,9 у Лельчыцах супраць 16,1 у 2015-м у Васілевічах).

Самы ранні пераход праз 20-градусную адзнаку быў зафіксаваны 19 сакавіка 1990 года (да 23,1 у Лельчыцах), такім чынам, у 2025 годзе зафіксаваны новы гістарычны рэкорд.

У адрозненне ад чатырох папярэдніх дзён, 10 сакавіка лакальныя максімумы перапісаныя не на ўсіх метэастанцыях. Выстаялі рэкорды ў Гродне, Верхнядзвінску, Нарачы, Оршы і Бярэзінскім запаведніку.

Чатыры перакрытыя экстрэмуму трымаліся з 1961 года: у Пружанах (19,2 супраць 16,3), Жыткавічах (18,9 супраць 15,5), Лепелі (15,5 супраць 13) і Вілейцы (15 супраць 14,7).

У пяці гарадах абнавіліся максімумы 50-гадовай даўніны. Акрамя згаданага вышэй Брэста гэта Пінск (19,1 супраць 16,5), Ваўкавыск (18,5 супраць 17), Баранавічы (17,3 супраць 16,5) і Наваградак (15,7 супраць 15,4).

У Мінску паветра прагрэлася да 16,2 градуса (было 14,4 у 2014 годзе), Гомелі — да 16,3 (15,3 у 2015-м), Віцебску — да 15,8 (14,2 у 2014-м), Магілёве — да 15,5 (13,9 у 2015-м).

Падзяліцца: