Мінск 17:13

Павышаны тарыфы на паслугі ў электраэнергетыцы

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

12 сакавіка, Позірк. Новыя тарыфы на паслугі ў электраэнергетыцы ўстаноўлены Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ). Адпаведная пастанова ведамства ад 28 лютага № 19 апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Дакумент набудзе моц 13 сакавіка.

У прыватнасці, тарыфы на паслугі па аператыўна-дыспетчарскім кіраванні ў электраэнергетыцы, якія надае ДВА “Белэнерга“ абласным прадпрыемствам электраэнергетыкі (РУП; аблэнерга) і БелАЭС вырастуць з 87,84 да 94,87 беларускага рубля за 1 МВт устаноўленай магутнасці ў месяц (+8%).

На аналагічны працэнт вырастуць тарыфы на паслугі па аператыўна-дыспетчарскім кіраванні, якія надаюць аблэнерга уладальнікам блок-станцый, падлучаных непасрэдна або апасродкавана да іх электрычных сетак (са 115,93 да 125,3 рубля); арганізацыям жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія з’яўляюцца ўладальнікамі блок-станцый, для забеспячэння продажу электрычнай энергіі, вырабленай названымі блок-станцыямі звыш аб’ёмаў, неабходных для энергетычнага забеспячэння гаспадарчай дзейнасці іх уладальнікаў, спажыўцам, якія з’яўляюцца арганізацыямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі (з 0,1261 да 0,1362 рубля); уладальнікам блок-станцый для размеркавання электрычнай энергіі, вырабленай названымі блок-станцыямі, на аб’екты ўладальнікаў блок-станцый (з 0,0544 да 0,0588 рубля).

На 5,4% (з 0,1377 да 0,1451 рубля) вырасце тарыф на паслугі па перадачы і размеркаванні электрычнай энергіі, вырабленай блокстанцыямі, па электрычных сетках РУП-аблэнерга ў межах некалькіх абласцей, якія надаюцца аблэнерга і ДВА “Белэнерга“ уладальнікам блок-станцый вызначанай электрычнай магутнасцю 25 МВт і больш для перадачы і размеркавання электрычнай энергіі, вырабленай названымі блок-станцыямі, сваім адасобленым падраздзяленням (філіялам, прадстаўніцтвам), іншым структурным падраздзяленням і (або) аб’ектах электразабеспячэння ўладальнікаў блок-станцый.

Сярэдні кошт электраэнергіі (у разліку за 100 кВт·г) рос на працягу ўсяго 2024 года, сведчыць праведзены “Позіркам“ аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Электрычнасць (за 100 кВт·г) падаражэла на 0,8% (з 25,11 рубля ў першым квартале да 25,3 рубля ў чацвёртым).

Беларускія ўлады і прапаганда з моманту ідэі будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы (Гродзенская вобласць) і ў наступныя гады запэўнівалі, што ўзвядзенне АЭС вельмі выгадна для насельніцтва.

У 2018 годзе намеснік міністра энэргетыкі Вольга Пруднікава адзначала, што “з пункту гледжання ўспрымання як рэальным сектарам эканомікі, так і насельніцтвам тарыфы пасля ўводу атамнай станцыі не павінны павялічыцца“.

“Спецыялісты ўжо падлічылі, наколькі знізіцца сабекошт выпрацоўкі электраэнергіі ў цэлым па краіне з уводам атамнай станцыі. Цяпер вызначаецца, якім чынам будуць зніжаны тарыфы для рэальнага сектара эканомікі“, — заяўляў у тым жа годзе Міхаіл Міхадзюк, які займаў тады пасаду намесніка міністра энергетыкі (у 2024-м быў асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі па карупцыйнай справе).

Сумарная выпрацоўка электраэнергіі двума энергаблокамі Беларускай атамнай электрастанцыі на 26 лютага склала 39 млрд 999,54 млн кВт·г.

Першы блок (сілкуе энергасістэму з 3 лістапада 2020 года, у прамысловую эксплуатацыю ўведзены ў чэрвені 2021-га), згенераваў 28 млрд 360,08 млн кВт·г, другі (13 траўня 2023 года; лістапад 2023-га) — 11 млрд 639,46 млн кВт·г.

З новага года павысіліся таксама цэны на паслугі ЖКГ.

Падзяліцца: