Мінск 02:18

Мінфін анансаваў выпуск валютных дзяржаблігацый на 50 млн долараў

Фота: pixabay.com

12 сакавіка, Позірк. Восьмы выпуск валютных дзяржаўных аблігацый для фізічных асоб у дакументарнай форме (на прад’яўніка) анансавала Міністэрства фінансаў.

Адзначаецца, што сукупны аб’ём выпуску складзе 50 млн долараў.

Дзяржаблігацыі можна будзе набыць з 25 сакавіка па 23 снежня 2025 года ў аддзяленнях “Беларусбанка” і “Белаграпрамбанка”.

Ведамства адзначае, што кошт адной аблігацыі складзе 1 тыс. долараў, працэнтная стаўка — 2,7% гадавых, тэрмін іх звароту — два гады.

Пагашэнне пачнецца 25 сакавіка 2027 года, а выплаты працэнтаў будуць праводзіцца адзін раз у год (25 сакавіка 2026-га і 2027 гадоў).

Раней паведамлялася, што Міністэрства эканомікі прапануе выпусціць дзяржаўныя доўгатэрміновыя аблігацыі на суму 1,56 млрд рублёў для фінансавання рэканструкцыі і будаўніцтва аб’ектаў інфраструктуры.

Інфармацыя пра гэта змяшчаецца ў дапрацаваным ведамствам праекце ўказа Аляксандра Лукашэнкі “Аб фінансаванні інфраструктурных аб’ектаў”.

Дакумент, копію якога Позірку перадало аб’яднанне BelPol, датаваны 10 снежня 2024 года і накіраваны на ўзгадненне ў Міністэрства фінансаў. На ім стаіць грыф “Для службовага карыстання”. Мінэканомікі просіць фінансавае ведамства разгледзець праект указа “ў магчыма кароткія тэрміны”.

Падзяліцца: