Мінск 04:12

Мінэканомікі прапанавала выпусціць дзяржаблігацыі на 1,5 млрд рублёў для будаўніцтва і рамонту аб’ектаў інфраструктуры

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 11 сакавіка ў 10.11.

Фота: sb.by

10 сакавіка, Позірк. Выпусціць дзяржаўныя доўгатэрміновыя аблігацыі на суму 1 млрд 560 млн рублёў для фінансавання рэканструкцыі і будаўніцтва аб’ектаў інфраструктуры прапанавала Міністэрства эканомікі.

Інфармацыя пра гэта змяшчаецца ў дапрацаваным ведамствам праекце ўказа Аляксандра Лукашэнкі “Аб фінансаванні інфраструктурных аб’ектаў”.

Дакумент, копію якога Позірку перадало аб’яднанне былых сілавікоў BelPol, датаваны 10 снежня 2024 года і накіраваны на ўзгадненне ў Міністэрства фінансаў. На ім стаіць грыф “Для службовага карыстання”. Мінэканомікі просіць фінансавае ведамства разгледзець праект указа “ў магчыма кароткія тэрміны”.

Мяркуецца, што эмісію дзяржаблігацый здзейсніць Мінфін, стаўка будзе ўстаноўлена ў памеры 4% гадавых з выплатай працэнтаў штоквартальна, пачынаючы з першага квартала 2026 года. Тэрмін абарачэння аблігацый разлічаны да 2039 года ўключна.

У праекце ўказа гаворыцца аб неабходнасці “размясціць аблігацыі шляхам закрытага продажу ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь”.

“Сродкі, атрыманыя ад размяшчэння аблігацый <…> размясціць ва ўклад (дэпазіт) у Банку развіцця на тэрмін да 14 гадоў з датэрміновым пагашэннем штоквартальна роўнымі долямі, пачынаючы з першага квартала 2027 года”, — адзначаецца ў дакуменце.

Прадугледжваецца, што Банк развіцця будзе прадастаўляць сродкі ад аблігацый у выглядзе крэдытаў дзяржарганізацыям для будаўніцтва і рэканструкцыі аб’ектаў інфраструктуры.

“Крэдыты прадастаўляюцца на тэрмін да 14 гадоў з пагашэннем, пачынаючы з першага квартала 2027 года штоквартальна роўнымі долямі і выплатай працэнтаў <…> у памеры 4,5% гадавых”, — гаворыцца ў праекце ўказа.

Выплаты па крэдытах прапануецца здзяйсняць са сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, а таксама за кошт паступленняў у рамках інвестыцыйных праграм.

Згодна з праектам, указ набудзе моц у дзень яго падпісання Лукашэнкам.

Крыніца: BelPol Скрыншот: "Позірк"

У дадатку да дакумента ўтрымліваюцца даныя аб крэдытаванні ў рэгіянальным разрэзе. Брэсцкай вобласці прапануецца накіраваць 130 млн 324 тыс. 602 рублі, Віцебскай — 229 млн 360 тыс. 484, Гомельскай — 149 млн 777 тыс. 410, Гродзенскай — 278 млн 930 тыс. 956, Мінскай — 203 млн 547 тыс. 636, Магілёўскай — 338 млн 58 тыс. 912, Мінску — 230 млн.

Прыкладаецца таксама спіс аб’ектаў, якія плануецца пабудаваць або рэканструяваць. У асноўным работы разлічаныя на 2025–2026 гады, ёсць таксама збудаванні, увод у эксплуатацыю якіх намечаны на 2027, 2028 і 2031 гады. Гаворка ідзе пра аб’екты аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай сферы, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспартнай інфраструктуры, культуры, фізічнай культуры і спорту, супрацьпаводкавай абароны.

Падзяліцца: