Мінск 00:14

Лукашэнка пра Украіну: Трэба вырашаць — ці ваяваць, ці мірыцца

Відэа: трансляцыя выступу Лукашэнкі ў СФ РФ / Стоп-кадр: "Позірк"

14 сакавіка, Позірк. Калі “маецца выклік ва Украіне, яго неабходна прыняць”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 14 сакавіка ў Савеце Федэрацыі РФ.

“Вырашаць — ці ваяваць, ці мірыцца. Гэта элементарна, — сказаў ён. — Можам ваяваць, давайце будзем ваяваць. Не можам — не будзем пра гэта казаць, але будзем рухацца ў бок міру, каб людзі не гінулі. Дзякуй Дональду (прэзідэнту ЗША Дональду Трампу. — “Позірк”.), што ён паставіў перад сабой мэту дапамагчы нам усталяваць гэты мір. Але не трэба кідацца на ўсе гэтыя размовы. Факты на стол, мы іх павінны паглядзець, каб не шкодзілі нам”.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі (палітык пры згадцы назваў яго “гэты пацан”) у першыя дні вайны стэлефаноўваўся і задаваў яму пытанні: “Я яму расказаў, што будзе, калі будзе так. Усё адзін у адзін”.

“Я яму тады сказаў, фатальную рэч: крый божа, у Амерыцы прыйдзе новая адміністрацыя. Дзе ты будзеш? Сказаў, дзе. І што зараз? Аддай рэдказямельныя металы (адміністрацыя Трампа хоча заключыць з Кіевам пагадненне пра карысныя выкапні ў якасці аднаго з крокаў да ўрэгулявання вайны РФ. — “Позірк”.), — заявіў спікер. — Але я да чаго? Прагаварыўся Дональд. Мы будзем там капаць, і гэта будзе для вас на мяжы (ён так інтэрпрэтуе словы Трампа пра месца пошуку выкапняў — “Позірк”.). І там будзе самая добрая абарона ад Расіі. А ў чым ён не мае рацыі? Мы што, будзем атакаваць гэтыя кар’еры і іншыя кампаніі, якія там будуць працаваць з Амерыкі? Цяжка сказаць. Таму бачыце, якія ў іх замашкі? Таму нам трэба спакойна глядзець на ўсе іх прапановы”.

Разам з тым, паводле слоў Лукашэнкі, адміністрацыя Трампа “раніцай [робіць] адну заяву, увечары другую, у абед — трэцюю, і адну абвяргае іншую”.

ЗША не мае ніякага плана па Украіне, у чарговы раз паўтарыў сваё нічым не падмацаванае сцвярджэнне спікер. “Так, Дональд хоча спыніць вайну, дзякуй яму за гэта, — сказаў ён. — Калі ён шчыры ў тым, што ён пераймаецца, што гінуць людзі, <…> дзякуй. Мы за гэта, але пры гэтым мы мусім цвёрда стаяць на сваіх пазіцыях. Нас ніхто не павінен некуды штурхнуць убок. І не дай бог, як мы зараз кажам, падмануць нас ці абвесці вакол пальца. Гэтага не адбудзецца”.

Лукашэнка заявіў, што падтрымліваў абранне Трампа прэзідэнтам ЗША, паколькі разумеў, што з адміністрацыяй папярэдняга кіраўніка дзяржавы Джо Байдэна “немагчыма дамовіцца”. “Была надзея, а раптам… Ну і вось здарылася неверагоднае. Дональд Трамп, як бульдозер, прайшоўся па Злучаных Штатах Амерыкі, і здарылася неверагоднае. Гэты неверагодны чалавек перамог, але куча рознага роду заяў, абяцанняў, ціску то на адзін бок, то на іншы і гэтак далей і да таго падобнае, пакуль блытаніна”, — адзначыў спікер.

Дагэтуль Лукашэнка выступаў у Савеце Федэрацыі толькі аднойчы — 28 кастрычніка 1999 года.

Падзяліцца: