Мінск 20:36

Лукашэнка зацікаўлены ў “пашырэньні супрацоўніцтва“ з Намібіяй, Іранам і Тунісам

21 сакавіка, Позірк. Аб зацікаўленасці ў “пашырэнні супрацоўніцтва” гаворыцца ў віншавальных пасланнях Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнту Намібіі Нетумба Нанда-Ндаітве, Ірана Масуду Пезешкіану і Туніса Каісу Саіду.

Як паведамляе прэс-служба віншавальніка, у Дзень незалежнасці Намібіі Лукашэнка адзначыў “добры практычны вопыт рэалізацыі праектаў з Зімбабвэ і іншымі дзяржавамі Афрыкі”.

“Беларусь гатова прапанаваць намібійскаму боку свае кампетэнцыі ў галінах забеспячэння харчовай бяспекі, механізацыі сельскай гаспадаркі, горназдабыўной прамысловасці, энергетыкі, транспарту”, — падкрэсліў ён, запрасіўшы Нанда-Ндаітву наведаць Мінск для абмеркавання “ўсіх пытанняў паглыблення двухбаковых адносін”.

Наўруз і новы 1404 год па іранскім календары Лукашэнка назваў сімвалам “не толькі абнаўлення жыцця, але і непарушнасці традыцый, народнага адзінства і ўсеагульнага імкнення да міру і працвітання”

На думку віншавальніка, Беларусь і Іран працуюць над “далейшым умацаваннем дружбы паміж двума народамі і стварэннем спрыяльных умоў для развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва”. Ён разлічвае, што Пезешкіан асабіста будзе садзейнічаць забеспячэнню “высокай дынамікі кантактаў на ўсіх узроўнях — дзяржаўным, урадавым, парламенцкім, ведамасным і па лініі дзелавых колаў”.

У віншаванні з Днём незалежнасці Туніса, які адзначаецца напярэдадні, Лукашэнка назваў гэтую дзяржаву “важным партнёрам у Паўночнай Афрыцы” і выказаў гатоўнасць “паглыбляць палітычны дыялог і супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах”.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Намібіяй былі ўстаноўлены 21 снежня 2000 года. Беларускі пасол у ПАР акрэдытаваны ў Намібіі па сумяшчальніцтве.

У 2021 годзе (дадзеныя за 2022 і 2023 МЗС Беларусі не прадстаўлены) тавараабарот склаў 64,4 тыс. долараў. Пры гэтым беларускі экспарт быў роўны нулю. Найбольшы за апошнія гады тавараабарот паміж краінамі, паводле інфармацыі афіцыйнага Мінска, склаўся ў 2017 годзе — 138,4 тыс. долараў (Беларусь паставіла прадукцыі на 49,9 тыс., Намібія — на 88,5 тыс.; адмоўнае сальда склала 38,6 тыс.).

Беларусь устанавіла дыпламатычныя адносіны з Іранам 31 год таму. Актуальныя даныя аб узаемным тавараабароце Мінск у адкрытым доступе не публікуе. У кастрычніку 2023 года на той момант прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заяўляў, што ў 2022 годзе ўзаемны тавараабарот вырас утрая, а дадзеныя 2023 года, якія былі на той момант, фіксавалі рост узаемных паставак яшчэ на 25%.

Лукашэнка і Пезешкіан сустракаліся на палях саміту БРІКС у кастрычніку 2024 года.

Дыпламатычныя адносіны з Тунісам устаноўлены 29 студзеня 1997 года. У Беларусі няма дыппрадстаўніцтва ў гэтай краіне. Раней там быў акрэдытаваны па сумяшчальніцтве пасол у Лівіі, аднак пасольства ў Трыпалі было закрыта ў снежні 2014 года.

У 2021 годзе дзяржСМІ называлі ганаровым консулам Беларусі ў Тунісе былога прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага. У той жа час у дыпламатычным даведніку МЗС Беларусі ад 2008 года ён значыўся як ганаровы консул Туніса ў Беларусі. Іншых згадак былога кіраўніка ўрада ў кантэксце адносін з Тунісам няма.

Падзяліцца: